Прадстаўніца ў сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінету Беларусі Вольга Зазулінская паведаміла пра сурʼёзныя праблемы са здароўем палітзняволенай беларускі.
Паводле Вольгі Зазулінскай, палітзняволеная Вольга Маёрава можа цалкам страціць зрок. У яе катаракта, рубцы, пагроза поўнай слепаты. Маёрава звярталася па дапамогу, але медчастка калоніі адмовіла ў лячэнні. А праз статус «тэрарысткі» жанчыне не перадаюць лекаў ад родных.
«У турмах Беларусі працягваецца мэтанакіраванае знішчэнне людзей, – гаворыцца ў звароце прадстаўніцы ў сацыяльнай палітыцы Абʼяднанага пераходнага кабінету. – Праз пазбаўленне медычнай дапамогі, катаванні і ізаляцыю іх даводзяць да стану, калі жыццё вісіць на валаску. Асабліва цяжкая сітуацыя ў Вікторыі Кульшы, Алены Гнаўк і Вольгі Маёравай, і мы не маем права адварочвацца ад іхных пакутаў».
Кульша, ужо тройчы асуджаная паводле артыкулу «злоснае непадпарадкаванне», перажыла дзве спробы суіцыду, тры галадоўкі, у яе цяжкія праблемы з ныркамі. У 2024-м палітзняволеная трымала сухую галадоўку. На мінулым тыдні да яе выклікалі рэанімацыю, бо яна ўжо не можа ўстаць на ногі.
Гнаўк адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні. Са студзеня 2025 года ёй далі 20 содняў у карцары і паўгода ў ПКТ. У палітзняволенай цяжкія крывацёкі, звязаныя з праблемамі са страўнікам, а дапамога ёй не аказваецца.
Вольга Зазулінская падкрэслівае, што гэта не проста парушэнне правоў чалавека, а катаванні і павольныя забойствы:
«Мы патрабуем ад рэжыму ў Беларусі тэрміновых дзеянняў у аказанні медычнай дапамогі ўсім палітвязням. І мы патрабуем жорсткага міжнароднага рэагавання на тое, што адбываецца з жанчынамі ў турмах Беларусі».
Нагадаем, на 65-гадовую палітзняволеную Алену Гнаўк ціснуць у гомельскай жаночай калоніі № 4. Яе пазбавілі амаль усіх перадачаў, званкоў і спатканняў.
З моманту прыезду ў гомельскую калонію ў жніўні 2022 года Алена Гнаўк пачала змагацца за свае правы, што вельмі не спадабалася адміністрацыі калоніі. У дачыненні жанчыны сталі выкарыстоўваць розныя пакаранні. Цяпер стала вядома, што супраць яе завялі чарговую крымінальную справу.
Адміністрацыя калоніі абвінавачвае Алену Гнаўк паводле арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі»). Раней праваабаронцы звярталі ўвагу, што паводле гэтага артыкулу чалавека ў турме можна трымаць практычна бясконца.
Таксама аналагічную справу завялі і супраць Вікторыі Кульшы. Паводле інфармацыі нашай крыніцы, адміністрацыя гомельскай жаночай калоніі № 4 і калоніі № 24 ў пасёлку Зарэчча Гомельскай вобласці гэткім чынам ломіць непакорлівых палітзняволеных.
Надзея Вольная belsat.eu