Прадпрыемства з Барысава, прызнанае банкрутам, пад выглядам маёмасці выставіла на аўкцыён не толькі збудаванні, але і дрэвы. Асаблівасць лоту ў тым, што дрэвы прадаваліся без тэрыторыі, на якой яны растуць.
Незвычайныя лоты, у тым ліку два «камплекты» дрэваў вялікага ўзросту на вуліцы Марозава, 87 у Барысаве, на сайце Цэнтру прамысловай ацэнкі ў раздзеле «Аўкцыёны» заўважыла выданне «Смартпресс».
Першы лот – 78 раслінаў – ацэнены на 28 170 рублёў са старту гандляванняў. У яго ўвайшлі драбналістыя ліпы, бальзамічныя таполі, паніклыя бярозы, два ясені, адна яблыня, адна белая вярба, а таксама кусты.
Яшчэ адзін лот – шэсць ліпаў і некалькі кустоў пузыраплодніку. Яго стартавы кошт склаў 4563 рублі. Цікава, што прадаюцца толькі самі расліны, а не тэрыторыя, на якой яны растуць.
Высветлілася, што на аўкцыён усе яны былі выстаўленыя як маёмасць прадпрыемства, прызнанага банкрутам. Там жа апынуліся і некаторыя пабудовы таго ж уласніка на тым жа адрасе, напрыклад, воданапорная вежа і падземныя складскія памяшканні.
Сам аўкцыён ужо завяршыўся, ахвотных пазмагацца за аб'екты расліннага свету не знайшлося. Аднак, як адзначана на сайце, прадавец можа выставіць лот на паўторныя гандляванні.
Дарэчы, нядаўна міністр прыродных рэсурсаў Сяргей Масляк распавёў, якія гарады ў Беларусі самыя зялёныя і чаму Менск да іх не належыць.
Паводле звестак, якія прыводзіць міністр, сярод абласных цэнтраў найзелянейшы горад – Віцебск. Самы зялёны раённы цэнтр – Дрыбін. Калі гаварыць пра вобласць агулам, то самай багатай на дрэвы і расліннасць ёсць Гомельшчына.
Што тычыцца сталіцы, то, як кажа Сяргей Масляк, азеляніць двухмільённы Менск нашмат цяжэй, чым горад, дзе жывуць 20 тысяч асобаў.
Нагадаем, 29 снежня 2024 года кіраўнік Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі Аляксандр Кулік заявіў пра рэкордны аб’ём экспарту піламатэрыялаў – 1 млн кубаметраў. У якія краіны ажыццяўляўся продаж, міністр не ўдакладніў.
Пры гэтым абмежаванні на экспарт беларускай прадукцыі дрэваапрацоўвання – піламатэрыялы, брыкеты, паліўныя гранулы, фанеру – былі ўведзеныя Еўразвязам у санкцыйным пакеце супраць Менску 2 сакавіка 2022 года.
Надзея Вольная belsat.eu