17 лютага ў судах Беларусі распачаліся ці працягнуліся некалькі палітычна матываваных працэсаў. Таксама сталася вядома пра затрыманне армянскай блогеркі і суды над грамадзянінам Арменіі «за непадпарадкаванне адміністрацыі ваўкавыскай калоніі», «за здраду дзяржаве» – над былым памежнікам. Падрабязней – у нашым аглядзе рэпрэсіяў.
26 лютага ў Мазырскім раённым судзе пачынаецца закрыты працэс над 62-гадовым работнікам лабараторыі інфарматыкі і сувязі Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу Ігарам Шуканавым. Яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў: «Паклёп на прэзідэнта» (ч. 2 арт. 367 КК РБ) і «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (ч. 1 арт. 342 КК).
Ігара Шуканава паказальна жорстка затрымлівалі 1 жніўня 2024 года. Па яго з Менску прыехалі губазікаўцы. Яго затрымалі проста на працоўным месцы.

Уласніка гарадзенскай этнакрамы «Цудоўня» Андрэя Несцяровіча затрымалі 6 лютага ў межах крымінальнай справы паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
Андрэй Несцяровіч заснаваў этнакраму «Цудоўня» ў 2015 годзе. Пасля выбараў 2020 года крама сутыкнулася са штрафамі і стратаю памяшкання. Андрэй заставаўся ў Беларусі і падтрымліваў свой бізнес, бо лічыў яго важным для захавання і развіцця беларускай культуры. У Андрэя з жонкаю двое малых дзяцей, аднаму з якіх няма яшчэ года.
У судзе Ленінскага раёну Берасця распачаўся суд паводле ч. 2 арт. 293 КК («Удзел у масавых беспарадках») супраць траіх мясцовых жыхароў: Алега Шылава, Вадзіма Карпава і Сяргея Гаруна. Апошняга затрымалі напрыканцы кастрычніка мінулага года. На «пакаяльным відэа» мужчына казаў, што браў удзел у пратэстах 2020 года, кідаў брук у бок сілавікоў і заблакаваў лавачкаю дарогу.
Справу супраць мужчынаў разглядае суддзя Аляксандр Семянчук.
За ўдзел у пратэстах 17 лютага ў судзе Маскоўскага раёну Менску пачалі судзіць вядомую фітнэс-інструктарку і чэмпіёнку СССР, якая мае падзяку ад Лукашэнкі, Наталлю Наважылаву. Ёй інкрымінаваны «народны» артыкул 342 КК («Арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях»). Суддзя – Кацярына Мурашка.
Наталля – старшыня міжнароднага грамадскага аб'яднання «Федэрацыя фітнэсу», майстарка спорту ў спартыўнай гімнастыцы, чэмпіёнка СССР, стваральніца Нацыянальнай школы фітнэс-трэнераў, а таксама афіцыйная прадстаўніца фітнэс-праграмаў універсітэту «Reebok і Nike».
Наталля Наважылава таксама праводзіць Усебеларускія канферэнцыі паводле праграмы «За здаровы лад жыцця». Узнагароджаная Ганаровай граматай Лукашэнкі «За значны ўклад у прапаганду здаровага ладу жыцця».
Былога памежніка, 42-гадовага Сяргея Цераховіча 17 лютага ў Гарадзенскім абласным судзе пачалі судзіць за «здраду дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). Суддзя – Юрый Казакевіч.
Сяргей нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у Горадні. Паводле звестак BELPOL, ён да канца 2016 года служыў старэйшым тэхнікам у памежнай часці 2141, што абслугоўвала пункт «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы. Служба скончылася незразумелым інцыдэнтам на мяжы – Цераховіч самастойна адкрыў шлагбаум і дазволіў «грамадзянцы Цераховіч» (незразумела, гэта ягоная сваячка ці не) выехаць з пункту пропуску.

У Мазыры была арыштаваная мясцовая актывістка і блогерка Паліна Зыль. Дзяўчыне выставілі абвінавачанні ва ўдзеле ў пратэстах і датычнасці да «экстрэмісцкага фармавання». Яна чакае суда ў СІЗА.
Разам з Палінаю быў арыштаваны ейны хлопец Максім Шуканаў. Інфармацыі пра ягонае вызваленне не было, хутчэй за ўсё ён таксама ў СІЗА.
Паліне 31 год. Яна родам з Ельску, вучылася ў Мазыры. У 2020 годзе дзяўчына падтрымала пратэсты, нават трапіла на содні. Пасля Паліна адышла ў цень, але заставалася ў краіне.
У суд скіраваная крымінальная справа ў дачыненні арганізатараў фонду салідарнасці «BYSOL», а таксама яго структурных падраздзяленняў «Voices from Belarus» і «Digital Solidarity».
Прадстаўнікам ініцыятываў інкрымінаваныя:
• прадастаўленне і збор грашовых сродкаў і іншай маёмасці для заведамага забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 2 арт. 361-2 КК);
• наўмысныя дзеянні, скіраваныя на распальванне варожасці (ч. 3 арт. 130 КК);
• публічная знявага Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК);
• вербаванне, навучанне, іншае рыхтаванне і выкарыстанне людзей для ўдзелу на тэрыторыі замежных дзяржаваў ва ўзброеных фармаваннях аднаго з супрацьлеглых бакоў, узброеных канфліктах, а таксама фінансаванне і іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці (ч. 2 арт. 361-3 КК);
• прапаганда тэрарызму і яго публічнае апраўданне, у тым ліку з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт (ч. 1 арт. 289-1 КК).

У Беларусі затрымалі армянскую блогерку Бэлу (Розу Бабаханян), напісаў у Фэйсбуку блогер Аляксандр Лапшын:
,,«Як мне паведамілі неафіцыйныя крыніцы ў амбасадзе Рэспублікі Беларусь у Арменіі, армянскую блогерку Бэлу арыштавалі ў Беларусі на 15 содняў і далей меру стрымання будзе вызначаць суд. У яе два грамадзянствы, Арменіі і Беларусі».
Блогерку абвінавачваюць паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 130 – «Распальванне варожасці»; 123 – «Прапаганда вайны»; 188 – «Паклёп»; 369 – «Знявага прадстаўніка ўлады»; 186 – «Пагроза забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў».
У Беларусі ФСБ затрымала 29-гадовага Яўгена Убіраева – сына «вагнэраўца», якога ў Расеі абвінавачваюць у супрацы з легіёнам «Свабода Расеі», што ваюе супраць расейскай арміі ва Украіне.
Паведамляецца, што мужчына разам з жонкаю жылі ў Арменіі. Там Убіраеў беспаспяхова спрабаваў атрымаць замежны пашпарт, а праз 180 дзён быў вымушаны здзейсніць візаран. Для гэтага ў снежні 2024 года ён прыляцеў у Беларусь. На зваротным шляху Убіраева ў менскім аэрапорце затрымалі супрацоўнікі ФСБ. Цяпер ён у СІЗА-1 Екацярынбургу.
Палітзняволенага грамадзяніна Арменіі 51-гадовага Ярванда Марцірасяна будуць судзіць за «непадпарадкаванне адміністрацыі» ваўкавыскай калоніі. Ён адбывае двухгадовае пакаранне за «знявагу Лукашэнкі».
Паводле версіі абвінавачання, мужчына нападпітку ў службовым аўтамабілі пры работніках аддзелу Дэпартаменту аховы неаднаразова негатыўна выказаўся на адрас Аляксандра Лукашэнкі.
17 лютага ў судзе Ваўкавыскага раёну адбудзецца разгляд справы Ярванда паводле ч. 1 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Справу будзе разглядаць суддзя Ганна Каралевіч.
У Берасці 17 лютага працягнулі судзіць нарадзінца гораду Высокае, які вярнуўся з Польшчы, Руслана Зубкова. Мужчына быў заўважаны ў тэлеграм-чаце «Расея – гэта зло», што беларускі МУС прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем». Зубкова абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 368 КК («Знявага прэзідэнта») і ч. 1 арт. 361-4 КК («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Марыя Міхалевіч belsat.eu