Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп распавёў 17 лютага ў каментары каналу «Fox News», што ён думае пра перасцярогі аб імаверным нападзе Расеі на адну з краінаў NАТО, пра што надоечы папярэдзіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Трамп «ні на кропельку» не верыць, што Уладзімір Пуцін мае намер напасці на Польшчу ці Літву.
,,«Я не пагаджуся з гэтым, – сказаў прэзідэнт ЗША. – Я думаю, ён (Пуцін – Заўв. рэд.) хоча спыніцца. Гэта было маё пытанне да яго. Бо калі б ён збіраўся працягваць, гэта было б для нас вялікай праблемаю. Я думаю, ён хоча пакласці гэтаму канец і скончыць з гэтым хутка. І ён, і Зяленскі – яны хочуць скончыць з гэтым».
Трамп зазначыў, што «пры Абаме Расеі ўдалося ўзяць шмат украінскіх тэрыторыяў, а цяпер РФ спрабуе забраць усё».
«Гэта вельмі кепска. Гэта насамрэч вельмі кепска. Шмат людзей загінулі, шмат гарадоў разбураныя», – сказаў амерыканскі лідар.
Раней Уладзімір Зяленскі ў каментары тэлеканалу NBC News заявіў, што Расея можа рыхтаваць напад на Польшчу ці Літву ўжо сёлета.
,,«Гэта можа адбыцца ўлетку, можа быць, на пачатку, можа, напрыканцы лета. Я не ведаю, калі ён гэта падрыхтуе. Але гэта адбудзецца», – мяркуе Зяленскі і спасылаецца на вучэнні з удзелам 150 тысячаў вайскоўцаў, што Расея плануе правесці сёлета ў Беларусі.
Уладзімір Зяленскі нагадаў, што менавіта з «вучэнняў» распачаўся напад на Украіну ў 2022 годзе.
18 лютага ў Саудаўскай Аравіі адбудзецца сустрэча расейскай і амерыканскай дэлегацыяў. Расею будуць рэпрэзентаваць міністр замежных справаў Сяргей Лаўроў і памочнік Уладзіміра Пуціна Юрый Ушакоў, ЗША – дзяржсакратар Маркаў Руб'ёў, дарадца Трампа ў справе нацыянальнай бяспекі Майк Ўолц і пасланнік Белага дому на Блізкім Усходзе Стыў Ўіткаф.
Раней прэзідэнт ЗША Доналд Трамп анансаваў сустрэчу дэлегацыяў у Саудаўскай Аравіі як перамовы аб завяршэнні расейска-ўкраінскай вайны. Прадстаўнікоў Украіны на перамовы не запрасілі.
У Крамлі заявілі, што галоўная мэта сустрэчы расейскай дэлегацыі з прадстаўнікамі ЗША – аднаўленне дачыненняў паміж краінамі, рыхтаванне магчымых перамоваў аб завяршэнні расейска-ўкраінскай вайны, а таксама арганізацыі сустрэчы Уладзіміра Пуціна і Доналда Трампа, што можа адбыцца ў Эр-Рыядзе напрыканцы лютага.
На чале каманды ад Саудаўскай Аравіі ў перамовах будзе браць удзел дарадца ў справе нацыянальнай бяспекі краіны Мусаід бін Мухамэд аль-Айбан.
Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна не будзе прысутнічаць на перамовах, бо нічога пра іх не ведала, і таму не прызнае ніякіх дамоўленасцяў адносна Украіны без яе ўдзелу.
Марыя Міхалевіч belsat.eu