Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў на прэс-канферэнцыі ў ААЭ 17 лютага, што Украіна не ведала пра перамовы ЗША і Расеі ў Саудаўскай Аравіі, таму не возьме ў іх удзелу і не прызнае ніякіх дамоўленасцяў, што яе будуць датычыць.
Украіна расцэньвае любыя перамовы адносна яе лёсу без яе ўдзелу як безвыніковыя, заявіў Уладзімір Зяленскі:
,,«Украіна не будзе браць удзелу. Украіна пра гэта нічога не ведала. <…> Мы не можам прызнаваць нейкіх рэчаў ці нейкіх дамоўленасцяў пра нас без нас. І мы не будзем такіх дамоўленасцяў прызнаваць».
Зяленскі зазначыў, што ягоны афіцыйны візіт у Саудаўскую Аравію, які адбудзецца 18 лютага, не мае дачынення да перамоваў паміж ЗША і Расеяй. Тым не менш, прэзідэнт Украіны ўсё ж запытаецца пра перамовы ў наследнага прынца, прэм’ер-міністра Саудаўскай Аравіі Мухамэда бін Сальмана, а таксама будзе падымаць пытанне пра зніжэнне цэнаў на нафту.
У сваёй прамове ўкраінскі лідар узгадаў таксама пагадненне з ЗША аб карысных выкапнях і распавёў, на якіх умовах Украіна гатовая падпісаць дакумент:
,,«Пытанне не ў тым, што Украіна можа даць. Пытанне ў тым, што Украіна можа атрымаць. Гэта вельмі важна для нас. Мы насамрэч зацікаўленыя ў падпісанні пагадненняў з ЗША. Я казаў прэзідэнту Трампу: мы хочам падпісаць пагадненне. Але калі мы перайшлі да дэталяў, аказалася, што пакуль яно не ўтрымлівае гарантыяў бяспекі, якія павінны быць акрэсленыя хоць неяк у гэтым мемарандуме».
Перамовы расейскай і амерыканскай дэлегацыяў адбудуцца ў сталіцы Саудаўскай Аравіі Эр-Рыядзе таксама 18 лютага, у дзень візіту ў краіну Уладзіміра Зяленскага. Расею будуць прадстаўляць міністр замежных справаў Сяргей Лаўроў і памочнік Уладзіміра Пуціна Юрый Ушакоў, ЗША – дзяржсакратар Маркаў Руб'ёў, дарадца Трампа ў справе нацыянальнай бяспекі Майк Ўолц і пасланнік Белага дому на Блізкім Усходзе Стыў Ўіткаф.
Раней прэзідэнт ЗША Доналд Трамп анансаваў сустрэчу дэлегацыяў у Саудаўскай Аравіі як перамовы аб завяршэнні расейска-ўкраінскай вайны. Прадстаўнікоў Украіны, паводле NBC News, на перамовы не запрасілі.
У Крамлі заявілі, што галоўная мэта сустрэчы расейскай дэлегацыі з прадстаўнікамі ЗША – аднаўленне дачыненняў паміж краінамі, рыхтаванне магчымых перамоваў аб завяршэнні расейска-ўкраінскай вайны, а таксама арганізацыі сустрэчы Уладзіміра Пуціна і Доналда Трампа, што можа адбыцца ў Эр-Рыядзе напрыканцы лютага.
На чале каманды ад Саудаўскай Аравіі ў перамовах будзе браць удзел дарадца ў справе нацыянальнай бяспекі краіны Мусаід бін Мухамэд аль-Айбан.
Падчас візіту ў ААЭ Уладзімір Зяленскі сустрэўся з прэзідэнтам гэтай краіны Мухамадам бін Заідам ан-Наг'янам. Адной з ключавых тэмаў размовы падчас сустрэчы было вяртанне ўкраінцаў з расейскага палону. Таксама Украіна і ААЭ маюць падпісаць эканамічнае пагадненне, што максімальна лібералізуе доступ да рынку ААЭ для амаль усіх украінскіх тавараў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu