навіны

Швецыя заявіла пра гатовасць адправіць сваіх міратворцаў ва Украіну

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: warspot.ru
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: warspot.ru
podpis źródła zdjęcia

Швецыя – другая дзяржава, якая заявіла пра гатовасць адправіць сваіх салдатаў ва Украіну для выканання міратворчых абавязкаў. Першай такую заяву зрабіла Вялікая Брытанія. 

Пра імавернасць адпраўкі шведскіх вайскоўцаў ва Украіну заявіла міністарка замежных справаў Швецыі Марыя Мальмер Стэнергард.

«Зараз мы павінны спачатку дамовіцца пра справядлівы і трывалы мір, які будзе паважаць міжнароднае права, Украіну і, галоўнае, гарантаваць, што Расея не зможа проста адступіць, аднавіць сілы і зноў напасці на Украіну ці іншую краіну праз некалькі гадоў», – заявіла кіраўніца МЗС Швецыі.

Паводле Марыі Мальмер Стэнергард, як толькі такі мір будзе дасягнуты, Швецыя павінна забяспечыць яго падтрыманне, і ў гэтым пытанні ўрад не выключае ніякіх варыянтаў.

Раней пра намер адправіць ва Украіну брытанскія войскі для кантролю за выкананнем любога мірнага пагаднення заявіў прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Кір Стармэр.

Ён адзначыў, што Еўропа сутыкнулася з гістарычным момантам, які вызначыць калектыўную бяспеку кантыненту. Паводле Стармэра, гаворка ідзе не толькі пра будучыню Украіны, але і пра бяспеку ўсёй Еўропы. Забеспячэнне трывалага міру, які гарантуе суверэнітэт Украіны ў доўгатэрміновай перспектыве, неабходна, каб стрымаць Пуціна ад далейшай агрэсіі.

Брытанскі прэм’ер-міністр падкрэсліў, што Вялікая Брытанія можа адыграць у гэтым працэсе ўнікальную ролю і гатовая ўзяць на сябе вядучую ролю ў пытанні гарантыяў бяспекі для Украіны.

Паводле палітыка, гэта прадугледжвае далейшае падтрыманне Збройных сілаў Украіны, а пры неабходнасці – увядзенне брытанскіх войскаў на яе тэрыторыю.

«Я не заяўляю пра гэта легкадумна. Я ўсведамляю адказнасць, звязаную з магчымасцю паставіць пад пагрозу жыццё брытанскіх вайскоўцаў. Але любая роля ў гарантаванні бяспекі Украіны – гэта крок да бяспекі ўсёй Еўропы і нашай краіны», – адзначыў Стармэр.

Нагадаем, што сёння ў Парыжы праходзіць саміт з удзелам кіраўнікоў Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Італіі, Польшчы, Іспаніі, Нідэрландаў і Даніі, у ім таксама бяруць удзел прэзідэнтка Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, прэзідэнт Еўрапейскай рады Антонью Кошта і генеральны сакратар NATO Марк Рутэ.

На сустрэчы будзе абмяркоўвацца, якія абаронныя магчымасці Еўропа можа даць Украіне для запэўнівання надзейных гарантыяў бяспекі, уключаючы план надання Украіне аўтаматычнага сяброўства ў NATO ў выпадку відавочнага парушэння спынення агню з боку Расеі.

18 лютага ў Саудаўскай Аравіі мае адбыцца сустрэча расейскай і амерыканскай дэлегацыяў у пытанні спынення вайны ва Украіне. З расейскага боку ў перамовах бяруць удзел міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў і памочнік прэзідэнта Расеі Юрый Ушакоў, з боку ЗША – дзяржсакратар Маркаў Руб'ёў, спецпрадстаўнік на Блізкім Усходзе Стыў Ўіткаф і дарадца ў справе нацыянальнай бяспекі Майк Ўолц.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10