Расейская дэлегацыя вылецела ў Саудаўскую Аравію на перамовы з амерыканскім бокам наконт Украіны, якія адбудуцца 18 лютага ў Эр-Рыядзе.
У складзе дэлегацыі – міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў і памочнік прэзідэнта Расеі Юрый Ушакоў, заявіў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў.
Сярод тэмаў перамоваў наконт Украіны будзе таксама арганізацыя сустрэчы паміж Уладзімірам Пуціным і Доналдам Трампам ды «ўзнаўленне ўсяго комплексу расейска-амерыканскіх стасункаў», адзначыў Пяскоў.
З амерыканскага боку на сустрэчы будуць прысутнічаць дзяржсакратар Маркаў Руб'ёў, спецпрадстаўнік на Блізкім Усходзе Стыў Ўіткаф і дарадца ў справе нацыянальнай бяспекі Майк Ўолц.
Паводле прадстаўніка Крамля, Саудаўская Аравія была абраная як месца перамоваў, бо яна задавальняе як расейскі, так і амерыканскі бок.
У сваю чаргу ўлады Саудаўскай Аравіі плануюць не толькі даць пляцоўку для перамоваў, але і ўзяць на сябе пасярэдніцкую ролю, паведамляе CNN.
На чале каманды ад Саудаўскай Аравіі ў перамовах будзе ўдзельнічаць дарадца ў справе нацыянальнай бяспекі краіны Мусаід бін Мухамэд Аль-Айбан.
Украінскі бок не быў запрошаны на перамовы, у той жа час Доналд Трамп 16 лютага ў эфіры «Fox News» заявіў, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі возьме ў іх удзел.
Сам Уладзімір Зяленскі 17 лютага знаходзіцца з афіцыйным візітам у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, дзе, як кажа, будзе абмяркоўваць вызваленне палонных, а таксама інвестыцыі і эканамічнае партнёрства.
Раман Шавель belsat.eu