Украіна можа аўтаматычна атрымаць сяброўства ў NATO, калі Расея парушыць рэжым спынення агню пасля дасягнення мірнага пагаднення.
Гэтую магчымасць у панядзелак, 17 лютага, абмяркуюць у Парыжы еўрапейскія лідары, паведамляе «The Guardian».
Паводле выдання, у саміце возьмуць удзел кіраўнікі Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Італіі, Польшчы, Іспаніі, Нідэрландаў і Даніі, а таксама прэзідэнтка Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, прэзідэнт Еўрапейскай рады Антонью Кошта і генеральны сакратар NATO Марк Рутэ.
На сустрэчы будзе абмяркоўвацца, якія абаронныя магчымасці Еўропа можа даць Украіне для запэўнівання надзейных гарантыяў бяспекі, уключаючы план надання Украіне аўтаматычнага сяброўства ў NATO ў выпадку відавочнага парушэння спынення агню з боку Расеі. ЗША заявілі, што павінны быць сур'ёзныя наступствы для любога з бакоў, які парушыць пагадненне аб спыненні агню, – гэта элемент, які адсутнічаў у папярэдніх варыянтах спынення агню ва Украіне з 2014 года.
«The Guardian» адзначае, што некаторыя амерыканскія сенатары прасоўвалі ідэю сяброўства Украіны ў NATO на ўмовах выканання Расеяй мірных дамоўленасцяў. Цяпер гэты падыход падтрымліваюць вядомыя еўрапейскія лідары, у тым ліку прэзідэнт Фінляндыі Александэр Стуб.
Стуб падкрэсліў, што ў любых перамовах Украіна павінна атрымаць гарантыі незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, а таксама што нельга дазволіць Расеі навязваць канцэпцыю сфераў уплыву.
У той жа час сталася вядома, што 18 лютага ў Саудаўскай Аравіі адбудзецца сустрэча дэлегацыяў ЗША і Расеі, дзе абмяркуюць магчымасць перамоваў для спынення расейска-ўкраінскай вайны. Паводле амерыканскіх медыяў, ад ЗША ўдзел возьмуць дзяржсакратар Маркаў Руб'ёў, дарадца прэзідэнта ў справе нацыянальнай бяспекі Майкл Ўолц і спецыяльны пасланнік у пытаннях Блізкага Усходу Стыў Ўіткаф. Хто ўзначаліць расейскую дэлегацыю, пакуль невядома, але заходнія медыі называюць магчымымі ўдзельнікамі кіраўніка МЗС Сяргея Лаўрова, памочніка Пуціна Юрыя Ушакова і кіраўніка Службы вонкавай выведкі Сяргея Нарышкіна. Паводле NBC, Украіну на перамовы не запрасілі.
Нагадаем, што раней прэзідэнт ЗША Доналд Трамп пагадзіўся з думкаю кіраўніка Пэнтагону Піта Гэгсэта, што ўступленне Украіны ў NATO ў рамках міратворчага пагаднення «нерэалістычнае». На ягоную думку, гэтае развязанне непрактычнае, а такая мэта толькі зацягне вайну.
Раман Шавель belsat.eu