Маці загінулага расейскага палітыка Аляксея Навальнага Людміла Навальная пасля паніхіды на Барысаўскіх могілках падзякавала ўсім, хто не забывае пра забойства ейнага сына. Там 16 лютага сабраліся людзі ў гадавіну смерці Навальнага, паведамляе «Медиазона».
«Я ўпэўненая, што калі-небудзь праўда пераможа. Заказцу ведае ўвесь свет, але мы хочам, каб даведаліся і пра выканаўцаў – і тых, хто спрыяў гэтаму, і тых, хто здзейсніў. Дзякуй і велізарны нізкі паклон усім, хто прыходзіць сюды, усім, хто дапамагаў мне, калі я была ў Салехардзе, усім, хто гэты год памятае Аляксея, прыходзіць сюды. Нізкі паклон і дзякуй», – сказала Людміла Навальная.
Палітык Аляксей Навальны памёр у папраўчай калоніі № 3 у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе 16 лютага 2024 года. Расейская прапаганда спрабавала данесці, што гэта адбылося праз тое, што ў Навальнага адарваўся тромб.
Расейскае расследавальніцкае выданне «The Insider» восенню 2024 года прыйшло да высновы, што Навальнага, падобна, атруцілі ў калоніі, што і прывяло да смерці.
Навальны вярнуўся ў Расею пасля таго, як толькі адужаў пасля атручэння «Навічком» у 2020 годзе. Па вяртанні яго адразу арыштавалі.
Арсен Рудэнка belsat.eu