навіны

У Менску будуць праводзіць багаслужбы на мове жэстаў, але толькі ў адным месцы

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Fox News
podpis źródła zdjęcia

У будынку прадпрыемства «Віток» у Менску адкрылі капліцу для людзей з парушэннем слыху.

Як паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, на гэтым прадпрыемстве працуюць людзі з парушэннем слыху.


Цяпер яны змогуць наведваць праваслаўныя багаслужбы, якія для іх будуць праводзіцца на мове жэстаў. Капліцу адкрылі да свята Стрэчання Гасподняга.


Прадпрыемства «Віток» было заснаванае ў 1940-х гадах, але існуюць сведчанні, што яшчэ да вайны ў будынках тут працавалі людзі з парушэннем слыху. Тады «Віток» быў невялікай швачнай і абутковай майстэрняй, дзе працавалі каля 25 чалавек з інваліднасцю.


Нагадаем, 6 % насельніцтва Беларусі, або каля 549 000 чалавек, маюць інваліднасць.


Такую лічбу агучыла намесніца міністра працы і сацыяльнай абароны РБ Марына Арцёменка на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Міжнароднаму дню людзей з інваліднасцю ў канцы 2024 года.


Большасць з іх мае ІІ групу інваліднасці (каля 225 тысячаў чалавек), а самая малалікая – І група.


Кіраўнік ліквідаванага ўладамі Офісу правоў людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі адзначаў у інтэрв’ю «Салідарнасці», што да лічбаў з вуснаў беларускіх чыноўнікаў узнікаюць пытанні: чамусьці афіцыйна колькасць людзей з інваліднасцю ў краіне амаль не змяняецца, а колькасць інтэрнатаў расце.


«У краінах Еўропы каля 15 % людзей з інваліднасцю, а ў нас – 6 %. Як так можа быць? Рэч у тым, што экспертыза ў Беларусі застаецца выключна ў руках Міністэрства аховы здароўя», – аргументаваў свае словы Драздоўскі.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10