навіны

Еўрапейскія лідары збіраюцца на экстранны саміт у справе Украіны

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: «Белсат»
podpis źródła zdjęcia

На наступным тыдні пройдзе экстранны саміт у справе Украіны. На ім сустрэнуцца лідары краінаў Еўразвязу.

Як паведамляе Бі-Бі-Сі, пастанова арганізаваць саміт – гэта адказ на занепакоенасць, звязаную з намерам ЗША правесці перамовы з Расеяй, выключыўшы еўрапейскія краіны са складу паўнавартасных перамоўцаў.


Напярэдадні спецыяльны прадстаўнік Доналда Трампа ў справе Украіны заявіў, што з еўрапейскімі лідарамі будуць кансультавацца, але яны не будуць браць удзелу ў якіх-кольвек перамовах паміж ЗША і Расеяй пра спыненне вайны.


Прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Кір Стармэр сказаў, што момант, які мае такое значэнне для нацыянальнай бяспекі, «бывае раз у жыцці пакалення».


У найбліжэйшыя дні павінна адбыцца сустрэча дзяржсакратара ЗША Маркаў Руб'ёў з перамоўцамі з боку Расеі. Яна пройдзе ў Саудаўскай Аравіі. Амерыканскія чыноўнікі заявілі, што Украіна таксама была запрошаная на гэтую сустрэчу. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі сцвярджае, што ягоная краіна не атрымлівала такога запрашэння.


Нагадаем, 12 лютага сталася вядома, што тры палітвязні, якія былі за кратамі ў Беларусі, атрымалі свабоду. У Вільню ўжо прыбылі журналіст Андрэй Кузнечык, актывістка Алена Маўшук і грамадзянін ЗША, чыя асоба пакуль не раскрываецца.


Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка расказаў «Белсату», што вызвалены грамадзянін ЗША сам пажадаў застацца невядомым.


Як паведаміла беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская, вызваленых сустрэлі прадстаўнікі амерыканскай амбасады, а таксама чальцы Офісу Ціханоўскай і Аб’яднанага пераходнага кабінету. Усе вызваленыя атрымліваюць неабходную дапамогу.


Беларуская лідарка падзякавала адміністрацыі ЗША, у тым ліку прэзідэнту Доналду Трампу, дзяржсакратару Маркаў Руб'ёў і Дзярждэпартаменту ЗША, за намаганні, якія зрабілі гэтае вызваленне магчымым.


Тым часам, паміж ЗША і Беларуссю саспявае вялікая ўгода пра вызваленне палітвязняў у абмен на скасаванне санкцыяў у дачыненні ўгнаенняў і банкаў. Прадстаўнік Дзярждэпу ЗША, які днямі пабываў у нашай краіне, сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і атрымаў ад яго запэўніванні ў гатовасці аслабіць рэпрэсіі, напісала выданне «The New York Times».


15 лютага на Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі прэзідэнт Украіны акрэсліў, дзе, паводле яго, мае прайсці мяжа «паміж вайною і мірам», а фактычна – паміж Расеяй і Захадам. Як адзначыў Уладзімір Зяленскі, у гэтую лінію бяспекі трэба залучыць усходнюю мяжу Беларусі.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10