Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі не плануе сустракацца ні з якімі расейцамі, акрамя Уладзіміра Пуціна. Але і гэта магчыма толькі пасля таго, як будзе падрыхтаваны план заканчэння вайны супольна з прэзідэнтам ЗША Доналдам Трампам. Пра гэта паведамляе «Інтерфакс-Україна».
«Я не буду сустракацца з расейцамі. Я не ведаю, спадабаецца ім гэта ці не... Я буду сустракацца толькі з Пуціным. Толькі калі мы падрыхтуем агульны план з Трампам. І каб Пуцін скончыў вайну, толькі ў гэтым выпадку я буду сустракацца. Не будзе ніякіх іншых платформаў з кампрамісамі», – сказаў Уладзімір Зяленскі падчас удзелу ў панэлі «Стратэгічныя інвестыцыі: будучыня ўкраінска-амерыканскай супрацы ў галіне бяспекі» на Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы.
На гэтай жа панэлі Зяленскі адзначыў, што пакуль не ідзецца пра мірнае пагадненне, таму не трэба шукаць пасярэдніцтва паміж Украінай і Уладзімірам Пуціным. На ягоную думку, цяпер Украіне неабходнае падтрыманне ЗША.
Зяленскі падкрэсліў, што мірным пагадненнем можа быць толькі план заканчэння вайны, які найперш мусіць быць прагавораны і падтрыманы Украінай і ЗША, а таксама важныя гарантыі бяспекі для ўсёй Еўропы.
Арсен Рудэнка belsat.eu