У Менску працягвалі актыўна купляць кватэры, нават нягледзячы на навагоднія святы. Расце і кошт квадратнага метра, абнаўляючы рэкорды апошніх гадоў. Пра гэта сведчаць звесткі тэматычных рэсурсаў, якія прасілі сябе не называць.
У студзені 2025 года колькасць заключаных угодаў куплі-продажу ў сталіцы была на 33 % меншай, чым у снежні 2024-га. Аднак гэта традыцыйнае зніжэнне першага месяца года, звязанае з навагоднімі святамі.
Пры гэтым сёлета ў студзені, паводле папярэдніх падлікаў, купілі 1069 кватэраў, што нашмат вышэй за сярэдні ўзровень студзеня за апошнія дзесяць гадоў (у сярэднім 900 угодаў). Мінімальная колькасць угодаў у студзені была ў 2016 годзе (крыху больш як 500), а максімальная – у 2024 годзе (больш як 1200). Як адзначаюць эксперты, даступнасць крэдытаў, рост даходаў і стабільнасць курсу долара працягваюць падтрымліваць пакупніцкую актыўнасць на добрым узроўні.
Што датычыць прапановы кватэраў, дык яна ў параўнанні са снежнем вырасла на 4 %. Найбольш куплялі аднапакаёвыя кватэры (44 %). У 34 % выпадкаў бралі двухпакаёвыя кватэры і ў 19 % – трохпакаёвыя.
Сярэдні кошт прададзеных у Менску кватэраў за студзень 2025 года вырас на 2,4 % і склаў 1640 долараў за квадратны метр – гэта абсалютны максімум за апошнія дзесяць гадоў. Падаражэлі амаль усе тыпы кватэраў, наймацней –трохпакаёўкі, на 3,3 %. Рост коштаў звязваюць са стабільным попытам на кватэры.
Пры гэтым адносна снежня на пяць адсоткавых пунктаў – да 7 % – знізілася доля кватэраў, купленых у новых гатовых дамах, уведзеных у эксплуатацыю ў 2023–2024 гадах. На тры адсоткавыя пункты знізілася сярэдняя доля кватэраў у сучасных панэльных і каркасных дамах. Пакупнікі часцей абіралі тыпавыя панэльныя і старыя цагляныя дамы, на долю якіх прыйшлося 30 % і 15 % ад усіх угодаў адпаведна. Павышэнне цікавасці да хрушчовак і брэжневак звязваюць з тым, што такое жытло з рамонтам каштуе як новабудоўля без рамонту. І людзі, купляючы кватэру на апошнія грошы і з прыцягненнем крэдыту, не хочуць выдаткоўваць сродкаў яшчэ і на рамонт.
Найдаражэйшая кватэра, набытая ў студзені 2025 года, каштавала 425 тысяч долараў. Памяшканне агульнай плошчай 128 квадратных метраў месціцца ў доме Чыжа ля Траецкага прадмесця.
Кошты працягваюць расці
У лютым кватэры працягнулі даражэць. За тыдзень з 3 да 10 лютага квадратны метр вырас у цане да 1715 долараў. І гэта пры тым, што апошні месяц колькасць прадаўцоў, якія зніжаюць кошт прадаваных кватэраў, трымаецца на ўзроўні, вышэйшым за сярэдні: за згаданы тыдзень 400 кватэраў, або 7 % ад усёй прапановы, патаннелі ў сярэднім на 1000–3100 долараў. У той жа час 120 кватэраў у продажы (або 2 %) падаражэлі ў сярэднім на 1500–5000 долараў.
За гэты ж тыдзень колькасць абвестак аб продажы кватэраў на другасным рынку жытла знізілася амаль на 100. Адна- і трохпакаёвых кватэраў зрабілася менш на 1 %, двухпакаёвых – на 0,5 %. Колькасць кватэраў з чатырма пакоямі і больш знізілася ажно на 5 %.
Якуб Хруст belsat.eu