З нагоды дня святога Валянціна заапаркі з самых розных і рэгіёнаў прапануюць ахвочым назваць якую-небудзь жывёліну імем свайго былога або былой і скарміць яе іншай. «Белсат» сабраў інфармацыю пра гэтакія экалагічна-псіхалагічныя акцыі па ўсім свеце.
Найбольш ж часта ў гонар былога партнёра або партнёркі прапануюць назваць прусакоў. Гэтак, у Польшчы лодзінскі заапарк «Orientarium» прапануе скарміць іх з імем былога кахання сурыкатам. За 50 злотых (каля 12 долараў) можна проста атрымаць сертыфікат пра тое, што вашага «былога» з’елі. За 150 – фотаздымак яго з’ядання, а за 300 злотых можна асабіста скарміць яго сурыкату. Сабраныя сродкі пойдуць у Фонд пангалінаў, што займаецца аднаўленнем пашкоджаных участкаў натуральнага асяроддзя пражывання і падтрымкай знікаючых відаў, паведамілі ў заапарку.
Аналагічную акцыю правядзе і віленскі «Zoopark» у суседняй Літве. Ён запрашае ўсіх паглядзець на масавае паяданне былых а 18:30 паводле мясцовага часу.
,,«Назіранне за тым, як сурыкаты ядуць прусакоў, названых імёнамі былых хлопцаў/дзяўчат, можа быць своеасаблівым тэрапеўтычным працэсам», – сказала прадстаўніца «Zoopark» Грэта Мачулайтэце.
Скормяць «былых» прусакоў і ў самаабвешчаным прарасейскім рэгіёне Малдовы – у Прыднястроўі. Там пакарміць сурыкатаў прапануе Ціраспальскі заапарк. Пройдзе падобная акцыя і ў Расеі, дзе не адзін год змагаюцца з заходнім святам у гонар каталіцкага святога. Абвясціў яе экзатэрарыум ва Уладзіміры. Мясцовыя жыхары ж мяркуюць, што варта не абмяжоўвацца адным днём.
Скармліваць прусакоў будзе і кракадзілавая фірма «Кракадзілвіль» у Екацерынбургу. Акцыя пад назвай «Дзень паядальнікаў былых» пройдзе ў наўпроставым эфіры. Там прусакоў будуць есці яшчаркі. Таксама ў гонар былога кахання можна назваць і курыную тушку – яе аддадуць ужо кракадзілам.
Заводчык з правінцыі Брытанская Калумбія ў Канадзе за пяць мясцовых долараў запрашае пакарміць «былымі» дохлымі пацукамі соваў. Акцыя накіраваная на падтрыманне плямістых няясыцяў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Ян атрымала назву «No regRATS», што перакладаецца як «Ніякіх шкадаванняў», але пры гэтым утрымлівае і корань «пацук». У акцыі ўжо з’явіліся праціўнікі, якія выступілі супраць таго, каб параўноўваць такіх «высакародных» і «разумных» жывёлін, як пацукі, з «былымі».

У ЗША, у штаце Агаё, «Columbus Zoo and Aquarium» прапануе не абмяжоўвацца былымі. Там за 15 долараў можна назваць чарвяка ў гонар «любога, хто вас раздражняе», «а потым атрымаць асалоду» ад таго, як мядзведзі ператвораць яго ў закуску.
Самая бяскроўная акцыя пройдзе ў іншым амерыканскім штаце – у Пенсільваніі. У пітомніку «T&D's Cats of the World» каля Мідлбургу» прапануюць за пяць долараў купіць імянныя пячэнькі з арахісавым маслам, якія пасля скормяць чатыром ваўкам. Усе атрыманыя грошы абяцаюць перадаць на ўтрыманне ваўкоў і іншых 300 жывёлін пітомніку.
,,«Былая дзяўчына, хлопец, бос, сужэнец, сусед па пакоі – для былога няма мяжы, таму мы дадамо іх імя за 5 долараў, а потым кінем іх ваўкам у Дзень Святога Валянціна», – кажуць уладальнікі ўстановы.
А вось прытулак для жывёлін у горадзе Маскіган (штат Мічыган) вылучыўся ў іншы бок. Там нікога нікому карміць не будуць. Рабіць балюча былым прыдумалі інакш. За 25 долараў можна назваць супрацоўнікам прытулку імя, якім назавуць злоўленых бяздомных катоў і котак, якіх кастрыруюць або стэрылізуюць. Пасля вашых былых адпусцяць на волю.
На заканчэнне можна хіба дадаць, што ўсе гэтыя акцыі выконваюць прафесіяналы. Паўтараць іх у хатніх умовах няварта.
Якуб Хруст belsat.eu