Лідарка дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская пракаментавала выбух на Чарнобыльскай АЭС у выніку атакі расейскага дрона на Украіну ў ноч на 14 лютага. Яна чарговы раз падкрэсліла важнасць бяспекі ў рэгіёне для ўсёй Еўропы.
«Я даведалася, што гэтай ноччу расейскі беспілотнік прабіў абарончы саркафаг над Чарнобыльскай АЭС. Жудасна, якія бесчалавечныя ўчынкі здзяйсняе Расея ў гэтай вайне. Некалькі дзясяткаў гадоў таму мы ўсім светам рабілі ўсё магчымае, каб ліквідаваць жахі чарнобыльскай трагедыі. Мы сачылі за кожнай навіной і шукалі магчымасці дапамагчы ахвярам. Але дыктатараў не хвалююць мірныя жыхары. У гэтую нядзелю расейскі "Шагэд" цудам не заляцеў у жылы дом у Хойніках.
Сённяшняя атака магла стаць яшчэ адной страшнай трагедыяй у гісторыі нашага рэгіёну, наступствы якой пагражалі б не толькі нам, але і нашым дзецям і ўнукам», – сказала Святлана Ціханоўская.
Яна адзначыла, што 14 лютага на Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі казала, што бяспека ў нашым рэгіёне – гэта бяспека Еўропы.
«І гэтай ноччу мы атрымалі чарговае пацвярджэнне гэтаму. Няма ніякай розніцы, як гэты ўчынак будзе абгрунтаваны: “памылка”, “дыверсія” ці “стратэгічная атака”. Адзіныя вынікі гэтай вайны – новыя смерці і разбураныя жыцці ні ў чым не вінаватых людзей. Таму мы робім усё магчымае, каб перамагчы дыктатуру, каб не было новых трагедыяў і новага Чарнобылю, які можа здарыцца з-за тых, хто ахвяруе людзьмі дзеля ўлады», – падкрэсліла яна.
Выбух на ЧАЭС пацвердзілі спецыялісты МАГАТЭ. Яны паведамілі, што ў ноч на 14 лютага пачулі выбух праз удар беспілотніка ў раёне саркафагу, пасля чаго пачаўся пажар.
Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТа паведаміла пра выбух сваім чытачам, аднак змаўчала аб прычыне выбуху.
Арсен Рудэнка belsat.eu