навіны

ЗША могуць вывесці свае войскі з Еўропы: чакаецца заява Вэнса на Мюнхенскай канферэнцыі

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: moderator.az
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: moderator.az
podpis źródła zdjęcia

На Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі, якая пачалася 14 лютага, віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Ды Вэнс можа абвясціць аб маштабным вывадзе амерыканскіх войскаў з Еўропы. 

Пра гэта паведаміў кіраўнік канферэнцыі Крыстаф Гойсген, адзначыўшы, што Вашынгтон чакае ад еўрапейскіх краінаў большай адказнасці за ўласную бяспеку, паведамляе «Bild».

Кандыдат у канцлеры ад ХДС Фрыдрых Мэрц таксама выказаў меркаванне, што Вэнс зробіць жорсткую заяву ў дачыненні Нямеччыны і іншых еўрапейскіх дзяржаваў.

Сам Вэнс пацвердзіў, што мае намер закрануць пытанне мірнага ўрэгулявання канфлікту паміж Украінай і Расеяй. Ён падкрэсліў, што ЗША зацікаўленыя ў падрыхтоўцы NATO да будучых выклікаў.

Напярэдадні канферэнцыі Вэнс сустрэўся з прэзідэнтам Нямеччыны Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам і міністаркай замежных справаў ФРГ Аналенай Бэрбак. Бэрбак адзначыла, што сёлетняя канферэнцыя «важная як ніколі», бо Еўропа сутыкнулася з вызначальным выбарам у сферы бяспекі на фоне запланаваных перамоваў прэзідэнта ЗША з Расеяй.

Нагадаем, што 13 лютага Джэй Ды Вэнс зрабіў заяву аб тым, што Вашынгтон можа ўвесці супраць Масквы санкцыі і нават прымяніць ваенную сілу, калі расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін не пагодзіцца на мірнае пагадненне, якое гарантуе доўгатэрміновую незалежнасць Украіны.

Раман Шавель belsat.eu 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10