навіны

Расея пашкодзіла саркафаг на Чарнобыльскай АЭС беспілотнікам

Саркафаг чацвёртага блоку Чарнобыльскай АЭС. Фота: vgr.by
Саркафаг чацвёртага блоку Чарнобыльскай АЭС. Фота: vgr.by
podpis źródła zdjęcia

Уладзімір Зяленскі паведаміў, што расейскі ўдарны дрон з фугаснаю баявою часткаю трапіў у саркафаг, які абараняе свет ад радыяцыі разбуранага 4-га энергаблоку Чарнобыльскай атамнай станцыі.

Гэтае сховішча пабудавала Украіна супольна з іншымі краінамі Еўропы і свету, у тым ліку з Амерыкаю дзеля гарантавання сапраўднай бяспекі, адзначыў прэзідэнт Украіны.

«Адзіная дзяржава ў свеце, якая можа атакаваць такія аб'екты, акупаваць тэрыторыю атамных станцыяў і весці баявыя дзеянні, не лічачыся з наступствамі, — гэта сучасная Расея. І гэта тэрарыстычная пагроза ўсяму свету», — падкрэсліў Зяленскі.

Паводле яго, сховішча на ЧАЭС было пашкоджанае дронам, але пажар зліквідавалі. Цяпер радыяцыйны фон не падвышаўся, і за гэтым стала сочаць. Аднак першыя ацэнкі паказваюць значныя пашкоджанні сховішча.

Зяленскі таксама адзначыў, што Расея працягвае атакаваць начамі ўкраінскую інфраструктуру і гарады, павялічвае армію і працягвае выкарыстоўваць варожую антычалавечую рыторыку: «Гэта азначае, што Пуцін дакладна не рыхтуецца да перамоваў, а плануе далей падманваць свет». Таму ён заклікае да аб'яднанага ціску ўсіх, хто цэніць жыццё, каб Расея несла адказнасць за свае дзеянні.

Абноўлена. Выбух на станцыі пацвердзілі і спецыялісты МАгАтЭ, яны напісалі, што ў ноч на 14 лютага пачулі выбух у раёне саркафагу, пасля чаго пачаўся пажар. Выбух адбыўся ў выніку ўдару беспілотніка.

Нагадаем, што 3 сакавіка 2022 года расейскія войскі таксама захапілі Запарожскую АЭС, якая адразу ж сталася прадметам шантажу з боку Расеі. На сёння ўсе шэсць блокаў станцыі застаюцца ў стадыі «халоднага спынення». Апошнім часам усё часцей гучалі жаданні расейскіх уладаў запусціць адзін з рэактараў ЗАЭС. Але памылкі і парушэнні, вельмі імаверныя падчас запуску рэактара, могуць прывесці да катастрафічных наступстваў, якія адчуе цэлы рэгіён.

Раман Шавель belsat.eu 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10