навіны

Палітвязня, які заплаціў уладам 31 біткоін, асудзілі яшчэ на 9 гадоў. Рэпрэсіі 13 лютага

Аляксандр Зіязэтдзінаў
Аляксандр Зіязэтдзінаў у калоніі. Крыніца: Скрыншот з фільму АТН
podpis źródła zdjęcia

Два суды за сарваны дзяржаўны сцяг, дзявятая крымінальная справа супраць пенсіянера, правяранне на «экстрэмізм» былога мужа бягухі Крысціны Ціманоўскай, чарговы прысуд айцішніку, які заплаціў уладам кампенсацыю ў памеры 31 біткоіну – пра гэтыя і іншыя факты палітычна матываванага пераследу стала вядома праваабаронцам 13 лютага. Падрабязней – у нашым аглядзе.

У судзе Лепельскага раёну паводле арт. 370 («Глумленне з дзяржаўных сімвалаў») да 1,5 гадоў «хатняй хіміі» асудзілі 41-гадовага Аляксея Маладыка. Прысуд вынес суддзя Міхаіл Юрчанка.


Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён навідавоку ў людзей вырваў прымацаванае на сцяне адміністрацыйнага будынку ў Лепелі драўлянае дрэўка ў дзяржсцягам. Паводле абвінавачання, Юрчанка пашкодзіў дрэўка, пасля чаго сцяг з дрэўкам аднёс на вуліцу Валадарскага, дзе пакінуў на вуліцы і ўцёк. Мужчына нібыта быў у стане алкагольнага ап'янення.


Аналагічную справу – за сарваны дзяржаўны сцяг – распачалі супраць 29-гадовага жыхара Дзятлаўскага раёну. Следчы камітэт сцвярджае, што ўдзень 27 студзеня мужчына сарваў сцяг з фасаду крамы ў вёсцы Сачыўляны Дзятлаўскага раёну.


Агулам у Беларусі за глумленне з дзяржсімвалаў асудзілі мінімум 215 чалавек, паведамляюць праваабаронцы.


20 лютага дзявяты раз будуць судзіць 72-гадовага Васіля Дземідовіча. Справа будзе разглядацца ў судзе Смалявіцкага раёну. Гэтым разам пенсіянера абвінавачваюць паводле арт. 369 КК РБ («Абраза прадстаўніка ўлады»). Суддзя – Аляксандр Казлоўскі.


Раней Васіля асудзілі да сямі гадоў пазбаўлення волі, пры гэтым вынік апошніх трох судоў пакуль невядомы. У зняволенні пенсіянера ўтрымліваюць амаль тры гады, яго ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў».


У судзе Глыбоцкага раёну 7 лютага да двух гадоў «хіміі» з накіраваннем асудзілі адміністратара пабліку «Падслухана Глыбокае» Ігара Шкетава паводле ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Справу разглядаў суддзя Андрэй Тарасевіч.


Былога мужа Крысціны Ціманоўскай Арсенія Зданевіча, які знаходзіцца ў Беларусі, правяраюць на «экстрэмізм», паведамляе Следчы камітэт.

,,

«Паводле звестак следства, у лютым бягучага года ў сетцы Інтэрнэт, у тым ліку ў сацыяльных сетках, з'явілася інфармацыя аб тым, што ў Беларусі знаходзіцца Арсеній Зданевіч, які, зыходзячы з тэкстаў публікацыяў, браў удзел у экстрэмісцкіх акцыях, накіраваных на дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь і дзейнай улады, выкарыстоўваў адпаведную сімволіку, здзяйсняў дзеянні, накіраваныя на распальванне варожасці», – гаворыцца ў паведамленні СК.


Надоечы Крысціна Ціманоўская прасіла беларускія ўлады праверыць ейнага былога мужа.


У Оршы ў вышук абвясцілі 49-гадовага Ігара Селіханава, старонку якога ў «Аднакласніках» у жніўні 2024 года прызналі «экстрэмісцкай». У паведамленні міліцыі гаворыцца, што аршанец хаваецца ад следства і што супраць яго распачатая крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 369 КК («Абраза прэзідэнта»).


13 лютага ў чарговы раз папоўніўся Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў Мінінфарму. У яго трапілі YouTube-канал «revolutionofconsciousens», а таксама Telegram-старонкі «ЗВЫЧАЙНЫЯ ЛЮД3I» і «Беларусь Выборы 2025 BY».


Палітзняволенага айцішніка Аляксандра Зіязэтдзінава зноў асудзілі – гэтым разам на 9 гадоў. Увосень 2022 года мужчыну асудзілі паводле ч. 1 арт. 361-2 («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці») да трох гадоў калоніі за перавод крыптавалюты ў BYPOL. Зіязэтдзінаў заплаціў 31 біткоін кампенсацыі і зняўся ў фільме БТ, але гэта не дапамагло – у лютым 2024 года ў Менскім гарадскім судзе мужчыну зноўку пачалі судзіць паводле ч. 1 арт. 361-2 («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці») і ч. 2 арт. 290-1 («Фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці»).


Прысуд вынесла суддзя Алена Шылько.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10