навіны

Пуцін і Трамп могуць дамовіцца пра спыненне агню да Вялікадня ці 9 траўня

Уладзімір Пуцін і Доналд Трамп
Уладзімір Пуцін і Доналд Трампа на саміце G20 у Японіі ў 2019 годзе. Фота: Mikhail Svetlov / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Доналд Трамп і Уладзімір Пуцін паспрабуюць забяспечыць спыненне агню да Вялікадня, які сёлета ўсе хрысціянскія канфесіі святкуюць 20 красавіка, ці да 9 траўня, калі ў Расеі адзначаюць Дзень перамогі, піша «Financial Times» са спасылкай на ўкраінскіх і заходніх чыноўнікаў.

Выданне перадае словы ўкраінскага чыноўніка пра тое, што Пуцін «захоча заключыць угоду ў знамянальны дзень».


У матэрыяле адзначаецца, што пасля таго як Трамп пачаў наўпроставыя перамовы з Масквой у абыход Кіева і еўрапейскіх саюзнікаў, «расейскі прэзідэнт цяпер як ніколі блізкі да таго, каб атрымаць тое, чаго ён хацеў ад свайго трохгадовага ўварвання».


Галоўная мэта Пуціна – стварыць новую архітэктуру бяспекі, якая дасць Расеі сферу ўплыву ў Еўропе, падобную да той, якую напрыканцы Другой сусветнай вайны забяспечыла Савецкаму Саюзу Ялцінская канферэнцыя, піша «Financial Times»:


«Цяпер ЗША могуць быць адкрытыя да таго, каб дазволіць яму гэта зрабіць. Міністр абароны Піт Гэгсэт адкінуў імкненне Украіны ўступіць у NATO і вярнуць сваю тэрыторыю з рук Расеі. Пуцін і Трамп абмеркавалі "двухбаковую эканамічную супрацу", што кажа пра тое, што ЗША гатовыя адмяніць санкцыі супраць Масквы. І Трамп, падобна, мае намер адмяніць абавязанні ЗША перад NATO і пакінуць еўрапейскім краінам задачу падтрымання міру».


Цяперашняя сітуацыя выглядае нашмат больш спрыяльнай для Пуціна, чым калі-кольвек раней за тры гады вайны, адзначае дырэктар Еўразійскага цэнтру Карнэгі ў Берліне Аляксандр Габуеў:

,,

«Калі ЗША проста ў аднабаковым парадку спыняць сваё вайсковае і дыпламатычнае падтрыманне, а таксама абмен выведчымі звесткамі, то Украіна апынецца ў вельмі складаным становішчы. І выбрацца з яго будзе цяжка, нават калі еўрапейцы возьмуць больш актыўны ўдзел».


Доналд Трамп, Уладзімір Пуцін і Уладзімір Зяленскі. Калаж: Deposit / East News

«Сустрэнемся ў Саудаўскай Аравіі». Ці магчымы неафіцыйны «дагаварняк» Вашынгтону і Масквы?

навіны

«Financial Times» падкрэслівае, што ў прызначаную Трампам для перамоваў з Расеяй дэлегацыю не ўваходзіць ягоны спецпрадстаўнік Кіт Келаг, які заклікаў узмацніць санкцыйны ціск на Маскву і працягнуць перадачу зброі Украіне.


«Гэта кажа пра тое, што адміністрацыя не збіраецца сур’ёзна ставіцца да асноўных праблемаў Украіны. Пуцін успрыняў бы гэта як ухваленне ягонага погляду на свет і крок да рэалізацыі ягонай мары пра насамрэч глыбокія рознагалоссі паміж ЗША і Еўропай», – заявіў выданню амерыканскі чыноўнік.


Паводле кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Андрэя Ермака, «было цяжка наладзіць цесныя адносіны з камандай Трампа» і «спатрэбіцца час, перш чым удасца пабудаваць такія ж адносіны, як з прадстаўнікамі адміністрацыі Байдэна».


Кіеў спадзяваўся, што зможа пераканаць Трампа выпрацаваць агульную пазіцыю наконт прыцягнення Расеі за стол перамоваў, і прапанаваў доступ да сваіх запасаў карысных выкапняў у абмен на падтрыманне ЗША.


12 лютага адбылася тэлефонная размова Трампа з Пуціным. Трамп анансаваў сустрэчу з Пуціным і пачатак перамоваў для ўрэгулявання расейска-ўкраінскага канфлікту.


Раней Трамп заяўляў, што спыненне агню ва Украіне можа адбыцца ўжо «ў не вельмі далёкай будучыні», а таксама што «ў нейкі момант ва Украіне павінны прайсці выбары».


Прэзідэнт ЗША назваў вяртанне да межаў 2014 года малаімаверным. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Кіеў не прыме ніякіх двухбаковых перамоваў ЗША і Расеі без удзелу Украіны.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10