У небе над Беларуссю чарговы раз збілі беспілотнік. Каля поўначы з 12 на 13 студзеня гукі выбуху ў паветры над Гомлем пачулі ўва ўсім горадзе.
Паводле выдання «Флагшток – Гомельшчына», падпаленыя фрагменты БПЛА ўпалі за кіламетр ад жылой забудовы Навабеліцкага і Цэнтральнага раёнаў на незаселенай пойменнай тэрыторыі ракі Сож. Ад выбуховай хвалі спрацавалі сігналізацыі аўтаў, а мясцовыя жыхары адчулі вібрацыю сценаў.
Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал пацвердзіў збіццё «транзітнага госця». Пазней у канале намякнулі, што гэта мог быць украінскі дрон. У іншым пабліку, падкантрольнаму ўпраўленню ідэалогіі Гомельскага аблвыканкаму, заклікалі дачакацца афіцыйнай рэакцыі і супакоіцца. Аднак афіцыйныя ўлады дасюль маўчаць.
«Дадзеная сітуацыя добра дэманструе, што ўлада не ў стане гэтага кантраляваць. Ні абараніць, ні кантраляваць, таму яны выбралі для сябе адзіную правільную пазіцыю – рабіць твар, як быццам нічога не адбылося», – кажа Арцём Шапараў, блогер каналу «Реальная Беларусь».
Начныя падзеі адбыліся на фоне масаванай атакі расейскіх дронаў на сумежную з Гомельскаю вобласцю Чарнігаўшчыну. Чаму расейскія беспілотнікі залятаюць у Беларусь, «Белсат» разбіраўся неаднаразова. Маршрут «Шагэду» закладваецца яшчэ перад пачаткам палёту. Аднак падчас палёту па запраграмаваным маршруце на расейскія БПЛА могуць уздзейнічаць сродкі радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ).
«Я раблю вельмі асцярожную выснову. Нейкі невядомы нам бок, я не буду сцвярджаць, што гэта Украіна, валодае і тэстуе звышмоцную РЭБ або іншую сістэму кіравання, якая банальна перахоплівае кіраванне над беспілотнікам і адпраўляе яго зусім у іншы бок», – кажа Іван Ступак, вайсковы эксперт і былы супрацоўнік СБУ.
Гэтым разам абышлося без ахвяраў, аднак гарантыяў, што аднойчы не здарыцца трагедыя, няма.
«Так ці інакш гэтая катастрофа адбудзецца. З тысячы беспілотнікаў адзін абавязкова зробіць гора на нашай тэрыторыі, і яны зноў будуць гэта замоўчваць. У найлепшым выпадку пасадзяць тых, хто распаўсюдзіў інфармацыю. Такая ўлада – яна не думае аб людзях», – кажа блогер Арцём Шапараў.
Беспілотнік падае ў Гомельскай вобласці не ўпершыню. Апошні выпадак адбыўся 9 лютага, калі дрон «прызямліўся» непадалёк райвыканкаму ў цэнтры Хойнікаў.
Андрэй Сульжыц belsat.eu