Рамонт аднаго з галоўных аўтамастоў у Менску па вуліцы Маскоўскай выклікаў транспартны калапс – аўтобусы і тралейбусы цягам ужо некалькіх дзён адстаюць ад раскладу нават на паўгадзіны, стаяць у заторах. Калі чакаць паляпшэння сітуацыі?
Рух аўтамостам быў закрыты 8 лютага. Паводле рэгламенту, час спазнення грамадскага транспарту не можа быць большы за 5 хвілінаў. Аднак раніцай 13 лютага ў сувязі з вялікай колькасцю транспарту на вуліцах Свярдлова, Маякоўскага, Аранскай рух грамадскага транспарту ажыццяўляўся з парушэннем графіку да 20 хвілінаў, на вуліцы Філімонава – да 23 хвілінаў. Напярэдадні затрыманні дасягалі 32 хвілінаў.
Выданне Tochka.by запыталася ў дырэктара прадпрыемства «Сталічны транспарт і сувязь» Юрыя Супрановіча, чаму ўтварылася праблема і як ды калі яна будзе залагоджаная.
,,«Мы загадзя адпрацавалі ўзаемадзеянне з транспартавальнікамі і ДАІ. Захавалі ўсе прыпыначныя пункты, трафік транспартавальнікаў не скараціўся. Усё дзеля таго, каб менчукам не прыйшлося карэктараваць свае звыклыя маршруты», – распавёў кіраўнік транспартнага прадпрыемства.
Метрапалітэн павялічыў колькасць цягнікоў у ранішнія і вечаровыя гадзіны і скараціў інтэрвал руху да 90 секундаў. ДАІ, каб скараціць адставанне грамадскага транспарту ад раскладу, штодня маніторыць дронамі дарожныя абставіны і карэктуе фазы святлафорнага рэгулявання, кажа Юрый Супрановіч.
Некаторыя маршруты былі змененыя. Аўтобусы № 100, 111, 50с, 40, маршруткі № 1064-ТК, 1076-ТК, 1151-ТК, 1547-ТК цяпер едуць ад вуліцы Маскоўскай праз транспартную развязку вуліцамі Талстога, Бабруйскай, праспектам Незалежнасці і далей напрасткі. На зваротным шляху транспартныя сродкі едуць праспектам Незалежнасці, вуліцаю Бабруйскай, плошчаю Мяснікова, вуліцаю Маскоўскай і далей сваімі маршрутамі.
Аўтобус № 47с едзе ад вуліцы Маскоўскай праз транспартную развязку вуліцай Талстога, вуліцай Бабруйскай, праспектам Незалежнасці, вуліцай Свярдлова, вуліцай Кірава напрасткі. На зваротным шляху – без змяненняў.
Тралейбус № 22, аўтобусы № 115э, 127, 300э, маршруткі № 1212-ТК, 1400-ТК у кірунку чыгуначнага вакзалу ад плошчы Незалежнасці паедуць праз часовае колавае скрыжаванне (з’ездам аўтамосту на вуліцу Бабруйскую) вуліцай Бабруйскай і далей сваімі рэйсамі. У напрамку плошчы Незалежнасці – без змяненняў.
Рух тралейбусаў № 4, 7, 36, 44, 58, аўтобусаў № 78, 190э, маршрутак № 1131-ТК, 1499-ТК на вуліцы Бабруйскай будзе арганізаваны праз часовую аб’езную дарогу з’ездамі аўтамосту плошчаю Незалежнасці – вуліцаю Маскоўскай.
Аўтамост можна аб’ехаць вуліцамі Маякоўскага, Ульянаўскай, Кальварыйскай, Дамашэўскага, праспектамі Дзяржынскага і Жукава.
Паляпшэнне сітуацыі са спазненнем грамадскага транспарту і заторамі чакаецца цягам месяца, паведаміў дырэктар прадпрыемства «Гардарбуд» Сяргей Панеў. Ён жа сказаў, што не лічыць цяперашнія заторы крытычнымі для функцыянавання гарадскіх службаў:
,,«У гадзіны пік – раніцай і ўвечары, вядома, рух ускладняецца, але ДАІ працягвае працаваць над урэгуляваннем транспартных плыняў. Цягам максімум месяца мы чакаем стабілізацыі сітуацыі, увойдзем у нармальны рэжым працы».
Паводле Панева, плынь пасажыраў у грамадскім транспарце маніторыцца і пакуль няма патрэбы сур’ёзна змяняць графік, а калі ў гараджанаў будуць пытанні ці прапановы наконт арганізацыі руху, яны могуць іх выказаць праз сайт «Гардарбуду».
Чакаецца, што рух аўтамостам будзе адноўлены да канца 2025 года – капітальны рамонт плануецца завяршыць да Новага года.
Марыя Міхалевіч belsat.eu