Прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант пракаментавала вызваленне 12 лютага траіх палітзняволеных, якія былі перададзеныя прадстаўніку Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША.
«Гэта не адзіная просьба новай адміністрацыі ЗША. Такія просьбы паступалі і паступаюць. Мы пільнуем у гэтых пытаннях канфідэнцыйнасць. Уся інфармацыя пра дэталі – у Дзярждэпе ЗША і Белым доме», – сказала Наталля Эйсмант ТАСС.
У сваю чаргу, дзяржаўны сакратар ЗША Маркаў Руб’ёў адзначыў у прэс-рэлізе, апублікаваным на сайце Дзярждэпу:
«Моцнае кіраўніцтва Трампа прывяло да вызвалення амерыканца, несправядліва затрыманага ў Беларусі, і дваіх палітычных зняволеных. Я хачу асабліва падзякаваць ураду Літвы за супрацу і дапамогу – яны застаюцца сапраўдным хаўруснікам і сябрам. Я таксама хачу падзякаваць сваёй камандзе ў консульскіх справах, Офісу адмысловага ўпаўнаважанага прэзідэнта ў справах закладнікаў і Бюро ў справах Еўропы і Еўразіі за ўсю цяжкую працу, што была праведзеная для забеспячэння гэтых вызваленняў. Мы надалей рупімся пра вызваленне іншых грамадзянаў ЗША ў Беларусі і ў іншых месцах. Мы заклікаем вызваліць амаль 1300 палітвязняў, якія застаюцца ў турмах па ўсёй Беларусі».
Нагадаем, што 12 лютага сталася вядома, што трое палітвязняў, якія былі за кратамі ў Беларусі, атрымалі свабоду. У Вільню ўжо прыбылі журналіст радыё «Свабода» Андрэй Кузнечык, актывістка Алена Маўшук, а таксама яшчэ адна асоба – грамадзянін ЗША. Ягонае імя не называецца, але гэта не юрыст Юрась Зянковіч, інтэрв’ю з якім нядаўна выходзіла на лукашэнкаўскім тэлебачанні. У ім ён здымаўся ў цывільным адзенні і быў не ў камеры (журналістам удалося высветліць, што гэта магло адбыцца ў гатэлі «Еўропа» ў Менску). Разам з ім паказвалі яшчэ двух палітзняволеных працаўнікоў радыё «Свабода»: Ігара Лосіка і Ігара Карнея. Усе трое пакуль не вызваленыя.
Намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША ў справах Усходняй Еўропы Крыстафэр Сміт заявіў, што вызваленне ёсць вялізнай перамогай і водгукам на стратэгію «мір праз моц» прэзідэнта Доналда Трампа. Сміт адзначыў, што гэта «быў аднабаковы жэст з боку ўладаў [Аляксандра] Лукашэнкі», якія імкнуцца палепшыць стасункі з ЗША. Менск «нічога не атрымаў за гэты абмен», дадаў ён.
26 студзеня дзяржаўны сакратар ЗША заявіў пра вызваленне ў Беларусі амерыканскай грамадзянкі Анастасіі Нуфэр. Яе затрымалі ў канцы 2024 года.
Якуб Хруст belsat.eu