«Белсат» працягвае весці хроніку рэпрэсій, якія не заканчваюцца ў Беларусі.
14 лютага ў судзе Савецкага раёна Гомля адбудзецца разгляд справы супраць Яўгена Бадракова за парушэнне заканадаўства аб выбарах (арт. 10.9 КаАП). Гэта ўжо другі судовы працэс у яго адносінах, 29 студзеня ён быў суджаны за распаўсюд «экстрэмізму».
11 лютага ў судзе Сенненскага раёна разглядалі справу Вікторыі Рэксць, спецыялісткі па кадрах і кіраўніцы прафсаюзнай «пярвічкі» Сенненскага райспажыўтаварыства, якая абвінавачваецца ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Суд разглядаў яе справу паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП.
Таксама ўчора, 11 лютага, у судзе Сенненскага раёна разгледзелі яшчэ адну справу за «распаўсюд экстрэмізму». Старшыня суда Наталля Барысавец разглядала справу гандляркі з крамы «Беліта-Вітэкс» Юліі Якубовіч, якая ўжо другі раз апынулася пад судом па артыкуле аб экстрэмізме.
Справу блогера Сяргея Бяспалава пачнуць разглядаць завочна 26 лютага ў Менскім абласным судзе. Яму інкрымінуюць шэраг цяжкіх злачынстваў, уключаючы распальванне варожасці, паклёп, удзел у масавых беспарадках і экстрэмісцкай дзейнасці. Працэс будзе ўзначальваць суддзя Аляксандр Рыбакоў.
Стала вядома, што ў 2024 годзе органы пракуратуры Менскай вобласці накіравалі ў суды 450 заяваў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», з 2021 года такіх заяў было больш за 1000.
Чарговае папаўненне спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў уключае Telegram-каналы «Праведник», «Pravakatar BY», «STALKERUA», «Борщі та цицьки», Instagram старонку «aliaksandrakhanevich» і TikTok-старонку «BEL PRAVDA».
Сёння стала вядома, што на волю выйшлі палітзняволеныя Андрэй Кузнечык і Алена Маўшук. Таксама паведамляецца пра вызваленне яшчэ аднаго грамадзяніна ЗША, але ягонае імя не называецца. Паводле словаў старэйшага дарадцы Святланы Ціханоўскай Франака Вячоркі, гэта жаданне самога чалавека.
Раман Шавель belsat.eu