Шанцы на працяг угоды паміж Ізраілем і «Хамасам» па абмене закладнікаў на зняволеных змяншаюцца з кожным днём. Ізраіль і ЗША выставілі «Хамасу» жорсткі ультыматум.
Сітуацыя ў Газе можа зноў абвастрыцца: Ізраіль і ЗША запатрабавалі ад «Хамаса» вызваліць усіх закладнікаў да суботы, 15 лютага.
У адваротным выпадку ізраільскае войска адновіць баявыя дзеянні «ў поўным аб’ёме». Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Бэньямін Нэтаньягу, падтрымаўшы пазіцыю Доналда Трампа, паведамляе «BILD».
Аднак эксперты сумняваюцца, што «Хамас» выканае гэтае патрабаванне.
«Шанцы на працяг угоды з кожным днём змяншаюцца. Умова аб вызваленні ўсіх закладнікаў – гэта тое, на што "Хамас" не пойдзе», – заявіў у інтэрв’ю «BILD» эксперт па Блізкім Усходзе і аглядальнік «The Times of Israel» Лазар Берман.
На яго думку, у захаванні мірнага пагаднення зацікаўлены як Ізраіль, так і «Хамас». Тым не менш у самім Ізраілі ёсць сілы, якія патрабуюць знішчэння «Хамас» ваенным шляхам.
Паводле слоў Бермана, Вашынгтон цяпер цалкам падтрымлівае такі падыход. Ён лічыць, што новы прэзідэнт ЗША не выказвае занепакоенасці ваеннымі аперацыямі ў густанаселеных раёнах і не робіць акцэнт на гуманітарнай дапамозе.
З боку ЗША вядзецца гаворка пра ўзмацненне ціску, яны прапануюць поўную перабудову Газы, дзеля чаго збіраюцца выселіць мясцовых жыхароў і ператварыць рэгіён у курортную зону.
Нагадаем, што 10 лютага «Хамас» абвінаваціў Ізраіль у парушэнні ўмоваў спынення агню і заявіў, што вызваленне закладнікаў, запланаванае на 15 лютага, будзе прыпыненае. Паводле словаў прадстаўніка «Хамас», Ізраіль нібыта наносіў авіяўдары па Палестыне, перашкаджаў вяртанню перамешчаных асобаў у паўночную частку Газы і не спрыяў дастаўцы гуманітарнай дапамогі. Ізраільскія ўлады адмаўляюць абвінавачанні і называюць дзеянні «Хамасу» парушэннем дамоўленасцяў.
Раман Шавель belsat.eu