навіны

Замежныя інвестыцыі ў Беларусь скараціліся за год на 10 %

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Ozkan Guner / Unsplash
podpis źródła zdjęcia

Белстат падлічыў, што летась замежнікі ўклалі ў беларускую эканоміку $ 6,9 млрд, і гэта на 10 % меней, чымся было ў 2023 годзе.

Самым прывабным для інвестараў стаўся раздробны і гуртавы гандаль, а таксама рамонт аўтаў і матацыклаў. У гэтыя сферы замежнікі ўклалі $ 3,9 млрд. Прамысловасць атрымала $ 1,6 млрд. Замыкае топ-3 «інфармацыя і сувязь», у гэтую галіну інвеставалі за год $ 586 млн.


Агулам замежнікі ўклалі ў Беларусь $ 6,9 млрд, у 2023-м – $ 7,7 млрд. Падзенне за год – 10 %.


З агульнага аб'ёму замежных інвестыцыяў наўпроставыя склалі $ 5,2 млрд.


«Наўпроставыя замежныя інвестыцыі – гэта ўсё, што паступае ад інвестара ў арганізацыю, у якую ён інвестуе. Гэта могуць быць не толькі бязвыплатныя інвестыцыі, гэта могуць быць пазыкі, крэдыты. Або, напрыклад, ён паставіў абсталяванне, за якое беларуская арганізацыя мусіць расплаціцца. Яна яшчэ не заплаціла, аднак гэта таксама паказваецца ў наўпроставых замежных інвестыцыях», – тлумачыла раней «Белсату» экспертка цэнтру BEROC Настасся Лузгіна.


Белстат яшчэ не публікаваў гадавых звестак з разбіўкай на краіны, якія інвестуюць у нашую эканоміку, апошнія даступныя на сёння звесткі – за студзень – верасень. За гэты час найбуйнейшым інвестарам была Расея, якая з агульных $ 5,3 млрд на той момант уклала ў беларускую эканоміку $ 3,7 млрд.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Pixabay
«Інвестыцыі – добра, толькі не з адной краіны». У чым небяспека засілля расейскіх грошай у Беларусі? навіны

«Маюцца нейкія інвестыцыйныя праекты, Лукашэнка шмат чаго аддаў расейцам, расейцы, можа, недафінансавалі або ў дакументах не так запісалі, вось таму мы, імаверна, і бачым гэтыя лічбы. Справа ў тым, што ў нас рэальнасць адрозніваецца ад таго, што мы бачым на паперы», – так скарачэнне інвестыцыяў у Беларусь пракаментаваў «Белсату» эканаміст, прэзідэнт Міжнароднага інстытуту свабоды Яраслаў Раманчук.


Дарэчы, замежныя інвестыцыі ў гандаль, які прыцягнуў больш за ўсё грошай сярод галінаў эканомікі, могуць пагражаць беларускаму бізнесу.


«Гэта можна ствараць няроўную канкурэнцыю з мясцовымі гульцамі. Калі мясцовыя гульцы невялікія, яны не маюць магчымасці трымаць нізкія цэны, і прыходзяць буйныя замежныя сеткі, тыя ж гандлёвыя сеткі, усталёўваюць мінімальныя надбаўкі, бо могуць сабе гэта дазволіць. Вось гэта можа прывесці да штучнага выцяснення мясцовых гульцоў, у нашым прыкладзе – раздробнага гандлю. Такая рызыка існуе», – папярэджвала Настасся Лузгіна.


Улічваючы, што гандаль ва ўмовах штучнага стрымлівання цэнаў і так працуе з мінімальнай рэнтабельнасцю, час хвалявацца за тое, у якім стане беларускі гандлёвы бізнес.


У статыстыцы замежных інвестыцыяў найбольш істотны паказнік – інвестыцыі на чыстай аснове, таму што ён акурат не ўлічвае запазычанасць перад інвестарам за тавары, работы і паслугі, то бок тое, што ўсё адно давядзецца вярнуць. Пакуль вядомыя дадзеныя толькі за 2023 год – тады такіх інвестыцыяў было на $ 1,6 млрд.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10