Пасля запуску падробленага бота дапамогі з карыстальнікамі пачалі звязвацца невядомыя асобы, якія выдаюць сябе за прадстаўнікоў службы эвакуацыі «BYSOL». Верагодна, гэта сілавікі, папярэджваюць у арганізацыі.
Каманда «BYSOL» мае скрыншоты перапіскі, што выглядае як правакацыя беларускіх сілавых структураў, паведамляе Фонд салідарнасці «BYSOL».
У прыватных паведамленнях невядомыя спрабуюць высветліць, якую інфармацыю чалавек перадаваў у чат-бот маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн» (нядаўна праект спыніў сваё існаванне пасля ўзлому і выцеку звестак), і падштурхоўваюць да нелегальнага пераходу мяжы.
Адзін з такіх «памагатых», які прадстаўляецца як Anton (нік @byanton1), пераконвае суразмоўцу, што ён дзее ад імя «BYSOL» і займаецца толькі эвакуацыяй. Адначасова ён спрабуе даведацца, якія звесткі чалавек перадаваў «Беларускаму Гаюну», быццам бы для ацэнкі рызыкі пераследу.
«Калі інфармацыя будзе нязначнай, па вас могуць і не прыйсці», – піша ён, прапаноўваючы суразмоўцу хаця б апісаць сэнс перададзеных звестак.
Далей Anton прапаноўвае нелегальны маршрут праз лес у Літву, што можа быць спробай справакаваць злачынства – незаконны пераход мяжы. Акрамя таго, такім чынам сілавікі збіраюць скампраметаваныя звесткі, якія ў будучыні могуць быць выкарыстаныя для крымінальнага пераследу.
Нагадаем, што ў панядзелак, 10 лютага, «BYSOL» паведаміў пра магчымую правакацыю, бо ў чатах «Тэлеграму» актыўна рассылалася інфармацыя пра гарачую лінію «BYSOL» і службу эвакуацыі, правакатары давалі спасылкі на падстаўныя, падробленыя акаўнты і боты.
У «BYSOL» заклікаюць усіх карыстальнікаў быць асабліва пільнымі і падкрэсліваюць, што не карыстаюцца ў сваёй працы ботамі. Пры неабходнасці дапамогі каманда прапаноўвае пісаць на гарачую лінію праз сапраўдны акаўнт: https://t.me/help_bysol. А правільнасць кантакту заўсёды правяраць на сайце bysol.org.
Раман Шавель belsat.eu