Спецслужбы задакументавалі 14 эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці кіраўніка штабу Антытэрарыстычнага цэнтру Службы бяспекі Украіны. Выявілася, што ён працаваў на ФСБ.
Кіраўнік СБУ Васіль Малюк паведаміў, што ён асабіста ўваходзіў у аператыўную групу, якая займалася распрацоўваннем здрадніка, і ўзначальваў аперацыю для ягонага затрымання. Пра ўсе этапы спецаперацыі ён дакладваў асабіста прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму.
Малюк паведаміў, што СБУ задакументавала 14 эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці агента: украінскія спецслужбы праніклі ў ягоныя тэлефоны і камп’ютары.
СБУ сцвярджае, што праз агента яны перадалі расейцам дэзынфармацыю. Дэталі спецаперацыі абяцаюць паведаміць пазней.
Тым часам прэзідэнт Злучаных Штатаў Доналд Трамп даў інтэрв’ю ў фармаце падкасту вядоўцу «Fox News» Брэту Бэеру, сказаўшы наступнае:
«Яны могуць заключыць угоду, яны могуць не заключыць угоды. Яны могуць стацца расейскімі калі-небудзь, а могуць не стацца расейскімі».
Па-за кантэкстам словы могуць гучаць як пагроза ці шантаж Украіны, якая бароніцца ад расейскага нападу з дапамогаю ЗША. Падобна, менавіта так выказванне Трампа хочуць падаць расейскія дзяржаўныя медыі.
Аднак кантэкст быў такі. Трамп расказваў, як патрабаваў ад краінаў NATO, каб яны ўкладваліся ў сваю абарону, і прыгразіў: «Калі не будзеце плаціць, мы не будзем вас бараніць». Вядоўца спытаў Трампа пра Украіну (23–24-ая хвіліна размовы), ці ўдасца «заключыць пагадненне» (пра што, не ўдакладніў), бо Трамп высылае Украіне амерыканскую зброю. Трамп расказаў: ва Украіны вельмі каштоўная зямля ў сэнсе рэдказямельных металаў, нафты, газу ды іншага. ЗША выдаткоўваюць «сотні мільярдаў долараў» на Украіну – і Трамп хоча, каб «нашыя грошы былі ў бяспецы», а інвестыцыя акупілася. Ён заявіў, што хоча ад Украіны рэдказямельных металаў на эквівалент $ 500 млрд, Украіна «ў прынцыпе пагадзілася». Іначай Трамп «адчуваў бы сябе дурнем», бо «мы мусім атрымаць нешта, мы не можам працягваць плаціць гэтыя грошы».
Надзея Вольная belsat.eu