У Балгарыі расследуюць куплю беларускіх тралейбусаў. Еўрапейская пракуратура ў Сафіі выставіла абвінавачанне ў махлярстве пры дзяржаўнай закупцы тралейбусаў.
Як паведамляе reform.news, дзевяць тралейбусаў серыі «Olgerd» з павялічанай аўтаномнай хадою былі купленыя для муніцыпалітэту Враца ў 2021 годзе. Іх прадаў «BKM Holding» («Белкамунмаш») за 4,5 млн еўраў.
Праект фінансаваўся Еўрапейскім фондам спрыяння эканамічнаму збліжэнню дзяржаваў – чальцоў («European Cohesion Fund») у рамках захадаў для зніжэння забруджвання паветра. Падчас тэндару кіраўніцтва фірмы заявіла, што тралейбусы былі набытыя ў польскай кампаніі. Аднак выявілася, што тралейбусы былі набытыя ў беларускага дзяржаўнага прадпрыемства, якое пазней трапіла пад санкцыі ЕЗ за падтрыманне расейскай агрэсіі супраць Украіны. На момант куплі тралейбусаў санкцыі яшчэ не дзеялі. А польская кампанія, якая фігуравала ў тэндары, неўзабаве пасля дзяржаўнай закупкі была ліквідаваная. Падчас расследавання высветлілася, што муніцыпалітэту Врацы тралейбусы былі прададзеныя ўдвая даражэй за іх пачатковы закупачны кошт.
Калі факт махлярства будзе даказаны, вінаватым пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
Вядома, што расследаванне пачалося пасля таго, як у еўрапейскую пракуратуру звярнулася з паведамленнем прыватная асоба. Еўрапейская пракуратура падкрэслівае, што балгарскія рэгуляцыйныя органы не паінфармавалі пра парушэнні. Больш за тое, балгарская паліцыя толькі часткова выканала патрабаванні еўрапейскага дэлегаванага пракурора, ухваленыя балгарскім судом.
Тым часам камітэт транспарту Санкт-Пецярбургу мяркуе, што ўсё ж знайшоў праблему з беларускімі аўтобусамі: генератар слабы, сістэмы «змагаюцца» за яго, а каб не даходзіла да пажараў, трэба паставіць электрапрывад вентылятараў.
Нагадаем, беларускія аўтобусы МАЗ рэгулярна загараюцца, асабліва часта – у Расеі. Прычынаў узгарання нібыта дзве: кароткае замыканне і прылада гідрапрываду радыятара. Глыбінная ж прычына ў тым, што камплектацыя аўтобусаў шмат гадоў не мянялася, а патрэбы змяніліся.
Пасля першых здарэнняў расейскія абласныя ўлады далі заданне вытворцам аўтобусаў МАЗ і падобных да іх расейскіх аўтобусаў «Volgabus» змяніць канструкцыю машынаў для павышэння пажарнай бяспекі. Цяпер у Санкт-Пецярбург даставілі абноўленыя аўтобусы з электрапрывадам вентылятараў.
Не выклікае сумневаў, што аўтобусы МАЗ гараць невыпадкова. Але аб’яднанне «BELPOL» раней расказвала пра іншую версію. Паводле аб’яднання, засакрэчанае расследаванне ўладаў Беларусі паказала, што прычынамі былі вымушаныя канструктыўныя змены ў звязку з міжнароднымі санкцыямі (запраектаваныя рухавікі «Merсedes» замянілі на кітайскія «Weichai»), няякасны мантаж электраабсталявання пры зборы і нізкая эфектыўнасць сістэмы гашэння пажару «Эпотос» расейскай вытворчасці, якую ставілі на патрабаванне расейскіх замоўцаў. Праз усё гэта МАЗ быў вымушаны дапрацоўваць каля 700 аўтобусаў, прададзеных як у Расею, так і ў Беларусь.
Надзея Вольная belsat.eu