У ЗША Эвана Ньюмэна шукае ФБР. Але ў Беларусі, дзе амерыканцу далі прытулак, для ягонага новага рэстарану факт вышуку паслужыў дадатковым піярам.
Рэстарацыю у Берасці адкрыў амерыканец, які штурмаваў Капітолій і якога абвясціла ў вышук ФБР. Пра гэта сёння хто толькі не гаворыць – і ў Берасці, і ўвогуле ў Беларусі, асабліва ахвотна гэтую навіну падхапілі прапагандысцкія медыі.
Паводле іх словаў, вяртацца ў ЗША Эван Ньюмэн пакуль не плануе і «ўсё часцей задумваецца аб атрыманні беларускага пашпарту».
«Чаму б і не паспрабаваць? Статус уцекача ўскладняе мне вядзенне бізнесу, а пашпарт развяжа шэраг праблемаў», – заявіў ён праўладным журналістам.
Закусачная, што адкрыў амерыканскі ўцякач, называецца «Route 66». Як сцвярджаюць блогеры, там Эван сам і гатуе тыповыя амерыканскія стравы: бургеры, стэйкі, сандвічы. Праўда, у Інстаграм-акаўнце рэстарацыі, як заўважыла выданне «bgmedia.site», ён называе сябе Эван Джэферсан. Берасцейцы ж распавядаюць, што часам мужчына таксама прадстаўляецца Стывам. Чаму – дакладна не вядома.
Але вядома, што свой гастранамічны бізнес Ньюмэн сумяшчае з іншай працаю – выкладае англійскую мову ў адной з прыватных школаў гораду.
Нагадаем, у студзені 2021 года Эван Ньюмэн браў удзел у штурме Капітолію, пасля чаго атрымаў палітычны прытулак у Беларусі.
У ЗША яму выстаўленае абвінавачанне паводле шасці пунктаў, у тым ліку напад на паліцэйскіх. Ён трапіў у спіс найбольш шуканых злачынцаў Федэральнага бюро расследаванняў. Пасля ўдзелу ў штурме Капітолію Ньюмэн збег у Еўропу і нелегальна мінуў мяжу з Беларуссю, дзе папрасіў прытулку. У лістападзе 2021 года ён з’явіўся ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» і распавёў сваю гісторыю.
Нядаўна таксама сталася вядома, што прыхільнікі Доналда Трампа, якія напалі на Капітолій чатыры гады таму, пачнуць выходзіць з турмаў, бо новапрызначаны прэзідэнт памілаваў іх. Адпаведныя ўказы былі апублікаваныя на сайце Белага дому.
Памілаванне 1500 абвінавачаных выклікала абурэнне з боку заканадаўцаў, якія апынуліся пад пагрозаю ў выніку нападу 6 студзеня 2021 года. У той дзень тысячы прыхільнікаў Доналда Трампа ўварваліся ў Капітолій і спрабавалі перашкодзіць Кангрэсу засведчыць перамогу Джо Байдэна на прэзідэнцкіх выбарах у 2020-м.
Той напад быў выкліканы адмоваю Трампа прызнаць сваю паразу, што ўпершыню ў гісторыі ЗША паставіла пад пагрозу мірную перадачу ўлады. Прыблізна 140 паліцыянтаў зазналі атакі падчас нападу на Капітолій, чатыры чалавекі загінулі.
Надзея Вольная belsat.eu