навіны

Святлана Ціханоўская заклікала французскіх парламентарыяў змагацца за вызваленне палітвязняў

Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы з французскімі парламентарыямі.
Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы з французскімі парламентарыямі. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
podpis źródła zdjęcia

11 лютага ў межах форуму «AI Action Summit» лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі Нацыянальнага сходу Францыі, дэпутатамі парламенту, а таксама з прадстаўнікамі групы «За дэмакратычную Беларусь» у заканадаўчым органе гэтай дзяржавы.

Як паведаміў галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, галоўнай тэмай сустрэчы было вызваленне беларускіх палітвязняў.


«Ціханоўская падкрэсліла, што намаганні прыкладаюцца як на гуманітарным, так і на палітычным кірунку, але неабходна прыкласці ўсе намаганні і ўзмацніць міжнародную каардынацыю, каб прымусіць рэжым Лукашэнкі вызваляць людзей і спыніць рэпрэсіі», – распавёў Вячорка.


Ён таксама паведаміў пра дамоўленасці з французскімі дэпутатамі пашырыць працу групы «За дэмакратычную Беларусь» і правесці ў другой палове 2025 года ў Нацыянальным сходзе Францыі Форум Каліноўскага.


Падчас сустрэчаў, дадаў дарадца, узнімаліся тэмы легалізацыі беларускіх палітычных эмігрантаў, статусу «пашпарта Новай Беларусі» і інш.


«Ціханоўская заклікала дэпутатаў узяць ганаровы патранаж над палітвязнямі і далучыцца да Дня салідарнасці з Беларуссю 25 сакавіка», – адзначыў Вячорка.


Паводле яго, дэпутаты «выказалі гатовасць наведаць Варшаву і Вільню, каб сустрэцца з былымі палітвязнямі і сем’ямі рэпрэсаваных».


Нагадаем, надоечы прапагандыст Юрый Васкрасенскі, а потым палітык Зянон Пазняк падкінулі дроваў у агонь дыскусіі наконт вызвалення палітвязняў. У дэмакратычных сілах няма адзінства ў гэтым пытанні: хтосьці выступае за прымус Менску да перамоваў праз санкцыйны ціск, хтосьці – за неадкладныя перамовы, каб як мага хутчэй выцягнуць людзей з-за кратаў.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10