Найбуйнейшая парламенцкая фракцыя латвійскага Сейму «Новае адзінства», што ўваходзіць у кіроўную кааліцыю, прапанавала папраўкі да Закону «Аб турызме», якія прадугледжваюць увядзенне забароны для пастаўнікоў турыстычных паслугаў рэпрэзентаваць і аказваць такія паслугі на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі і Беларусі.
Такімі захадамі аўтары паправак хочуць «знізіць рызыкі магчымых парушэнняў правоў чалавека ў дачыненні грамадзянаў Латвіі, а таксама перадухіліць іх уцягненне ў дзеянні ў інтарэсах Расеі ці Беларусі, то бок вербаванне».
Закон закране ўсіх зарэгістраваных у Латвіі тураператараў.
Забарона надання турыстычных паслугаў у Расеі і Беларусі будзе рэалізаваная як частка ўжо ўведзеных міжнародных санкцыяў супраць гэтых краінаў і скіраваная на перадухіленне палітычных і эканамічных сувязяў, што могуць спрыяць агрэсіі ці парушэнням правоў чалавека.
,,«Паездкі ў Расею і Беларусь цяпер – гэта пытанні бяспекі, што ствараюць праблемы як для саміх турыстаў, так і для нашых службаў. Мы не можам дапусціць, каб тураператары працягвалі арганізоўваць забаўляльныя паездкі і нашыя грамадзяне ў поўных аўтобусах ехалі ў краіны, якія не саромеюцца заяўляць пра жаданне акупаваць Латвію», – заявіў дэпутат Сейму ад «Новага адзінства» Гатыс Ліепіньш.
Паводле Ліепіньша, у 2024 годзе ў Расеі і Беларусі былі арыштаваныя больш за 30 грамадзянаў Латвіі, а магчымасці дзяржавы ім дапамагчы скрайне абмежаваныя.
«Мы таксама не можам дапусціць вербавання грамадзянаў. Дзяржава павінна рабіць усё неабходнае, каб не толькі гарантаваць бяспеку сваіх грамадзянаў, але і перадухіліць магчымыя пагрозы і шкоду», – дадаў дэпутат.
У справаздачы Службы дзяржаўнае бяспекі за 2024 год адзначана, што, нягледзячы на неаднаразовыя заклікі СДБ і Міністэрства замежных справаў не ехаць у Расею, летась колькасць вандроўнікаў у параўнанні з 2023 годам падвоілася. У 2024 годзе штомесяц у Расею ездзілі ў сярэднім амаль 2000 грамадзянаў Латвіі.
«Новае адзінства» перакананае, што законапраект узмоцніць унутраную бяспеку краіны і абарону грамадзянаў. Абмежаванні неабходныя для перадухілення ўцягнення іх у канфлікты ці палітычныя рызыкі, што могуць узнікнуць падчас наведвання Расеі ці Беларусі.
Раней «Новая адзінства» падало ў Сейм законапраект аб «абмежаванні ўгодаў, што пагражаюць нацыянальнай бяспецы». Сярод іншага прапаноўвалася ўвесці забарону на набыццё нерухомасці ў Латвіі для беларусаў і расейцаў і юрыдычных асобаў, якія ім належаць.
Улады Латвіі неаднойчы заклікалі сваіх грамадзянаў не ездзіць у Беларусь і Расею з меркаванняў бяспекі. Краіна разглядае папраўкі да Закону аб іміграцыі, каб стрымліваць рызыкі, звязаныя з разведкаю і гібрыднымі пагрозамі, што значна павялічыліся пасля ўварвання Расеі ва Украіну.
Паводле запланаваных зменаў, перад візітам у Латвію неабходна будзе падаваць дадатковыя звесткі: пра мэту паездкі, час і месца перабывання, маршрут, кантактную інфармацыю, займаныя пасады, ці былі ахвочыя прыехаць у краіну раней кандыдатамі на выбарах і ці служылі ў розных ведамствах.
Марыя Міхалевіч belsat.eu