Аляксандр Лукашэнка выдаў на 2025 год 46 грантаў, якія, як заяўляецца, павінны забяспечыць развіццё, павысіць якаць і проста рэалізаваць наватарскія праекты ў «прыярытэтных для краіны сферах дзейнасці». Дык якія ў дзяржавы зараз прыярытэты?
Гранты на 2025 год прызначаныя 46 кіраўнікам і спецыялістам, якія працуюць у сферах навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры і моладзевай палітыкі. З іх дапамогай плануецца выканаць праекты, якія «забяспечваюць развіццё айчынных навуковых школ, павышэнне якасці навучання навучэнцаў і студэнтаў, распрацаванне новых метадаў дыягностыкі, лекавання і рэабілітацыі пацыентаў, рэалізацыю наватарскіх культурных і моладзевых праектаў». У прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі падкрэслілі: вылучэнне грантаў накіраванае «на падтрыманне таленавітых спецыялістаў у прыярытэтных для краіны сферах дзейнасці» з мэтай «рэалізацыі дзяржаўных праграм і важнейшых напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь».
Памер гранту – 41 базавая велічыня, або 1722 рублі ў месяц цягам 2025 года, або 20 664 рубля за год. З улікам 46 ухваленых праектаў гэта як мінімум 950 544 рублёў на ўсіх.
Нагадаем, што паводле ўказу № 425 ад 13 верасня 2013 года, «гранты выплачваюцца штомесяц за кошт сродкаў рэзервовага фонду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Сам жа фонд фінансуецца з рэспубліканскага бюджэту: на 2025 год у яго мусяць накіраваць больш як 1 мільярд рублёў. То бок, фактычна гранты Лукашэнка выплачвае за кошт бюджэтных сродкаў.
Даследаванні ўзроўню калгасу ці амерыканскай школы
З 46 грантаў 13 вылучаныя ў сферы навукі, 10 – у сферы адукацыі, 11 – у сферы аховы здароўя, пяць – у сферы культуры. Яшчэ сем грантаў далі ў сферы моладзевай палітыкі. Пры гэтым нават гранты ў навуковай сферы выклікаюць скепсіс у спецыялістаў.
Як адзначыў у каментары «Белсату» хімік, незалежны навуковец Сяргей Бесараб, дзіцячыя эксперыментальныя праекты ў амерыканскіх школах «выглядаюць нашмат больш сур’ёзнымі за тое «навуковае», на што Лукашэнка выдае фінансаванне». Паводле яго, гэта «нейкая дзівацкая мышыная валтузня» ўзроўню «пасрэднага дыпломніка глыбока рэгіянальнага ВНУ».
У якасці прыкладу суразмоўца прывёў праект Яўгена Дзяржынскага, дацэнта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту. На думку Бесараба, фактычна прапануецца вывучыць тое, наколькі шкодныя ці карысныя матылькі ў беларускіх хвойных лясах, каб з дапамогай гэтага клапаціцца пра гэтыя лясы.
,,«Раней такімі даследаваннямі займаліся розныя экалагічныя НКА, цяпер цалкам знішчаныя, або малодшыя школьнікі ў лагерах адпачынку. У лагеры «Зубраня» ў маім дзяцінстве пераможцы алімпіяд, калі прыязджалі на летні адпачынак, займаліся такой самай актыўнасцю, для гэтага ў спісе неабходных рэчаў быў паказаны “сачок для лоўлі матылькоў”», – сказаў навуковец.
Дацэнт Навукова-практычнага цэнтру Нацыянальнай акадэміі навук у пытаннях механізацыі сельскай гаспадаркі Эдуард Дыба прапануе вывучыць, ці можна карміць жывёлу раслінай свірэпай, сабранай з дапамогай «грабеністых грабляў-валкавальнікаў». Як заявіў Бесараб, фактычна вядзецца пра тое, каб зграбаць «скошаную траву ў купкі граблямі, прычэпленымі да трактара». На яго думку, «каштоўнасць працы імкнецца да каштоўнасці, генераванай асобна ўзятым цэхам механізатараў у асобна ўзятым калгасе».

Аляксандр Міхалычаў з Інстытуту фізікі НАН прапануе «развіццё канцэпцыі квантавых вылічэнняў на базе класічных эмулятараў у выглядзе мадэлі квантавага камп’ютара і правядзенне на гэтай падставе аптымізацыйных квантавых вылічэнняў, што дасць магчымасць стварыць у Рэспубліцы Беларусь перадумовы для шырокага ўжывання квантавых вылічальных прыладаў і рэсурсаў у прамысловай, фінансавай, транспартнай і іншых сферах, распрацаваць алгарытмы апрацавання даных у мэтах забеспячэння інфармацыйнай бяспекі, а таксама сфармаваць базу для падрыхтоўкі айчынных спецыялістаў у галіне квантавых інфармацыйных тэхналогіяў».
Бесараб жа мяркуе, што супрацоўнік НАН проста «ўбачыў, што ў навінах часта фігуруе слова «квантавы» і вырашыў бліснуць навукападобнасцю»:
«Давайце мы зробім праграму, што будзе прыкідвацца квантавым камп’ютарам, каб праверыць, як такія камп’ютары маглі б працаваць. То бок, усё зводзіцца да мадэлявання квантавых вылічэнняў на звычайных камп’ютарах, што ва ўсім свеце ўжо даўно практыкуецца дзесяцігоддзямі. І такіх праграмаў-эмулятараў – мільён».

У сваю чаргу Анатоль Свірыдзенка з Вайсковай акадэміі будзе за грошы запісваць гукі беспілотнікаў і вызначаць паводле іх тыпы дронаў. Як адзначыў суразмоўца, у адной толькі Украіне ён бачыў каля пяці рацыяналізатарскіх прапановаў для войска пра тое, каб запісваць з дапамогай «chatGPT» гукі дронаў і такім навучаным нейрасеткавым агентам потым вызначаць іх тып.
,,«У цывілізаваных краінах пытанні аналізу акустычных характарыстык дронаў і выкарыстанне нейрасеткавых алгарытмаў для іх выяўлення – гэта ўжо даўно пройдзены этап, але вось энтузіясты ўсё яшчэ спрабуюць бавіцца», – заключыў Бесараб.
Наватарская Другая сусветная вайна
Хоць у апісанні і гаворыцца пра наватарства, з 12 грантаў у сферах культуры і моладзевай палітыкі кожны трэці прысвечаны таму кавалку Другой сусветнай вайны, які ў афіцыйнай гістарыяграфіі называецца Вялікай Айчыннай (ВАВ). У прыватнасці, гэта стварэнне серыі графічных партрэтаў «Памяць», прысвечанай дзеячам культуры і мастацтва – удзельнікам вайны, ад дацэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Лізаветы Пастушэнка.
Супрацоўніца Нацыянальнай бібліятэкі Вольга Палунчанка будзе рэалізоўваць праект «Быць годнымі іх Вялікай Перамогі!», які ўключае перасоўныя выставы, бібліяграфічныя ўрокі з элементамі экскурсіі і тэатралізацыі. Выкладчык Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту Барыс Карасёў атрымаў грошы на праект вайскова-гістарычнага клуба «Доблесць», «прысвечаны 80-годдзю Перамогі савецкага народу», што ўключае ваенна-гістарычныя рэканструкцыі, выставы і ваенна-палявы выхад на ўчастак Мазырскага ўмацавання. А Аляксей Навуменка з Інстытуту памежнай службы ў межах праекту «Героі «другой мяжы» хоча стварыць відэаролікі і падкасты, а таксама памятны знак пра подзвіг памежнікаў у 1941 годзе.
Гэтыя праекты сярод іншага павінны спрыяць «патрыятычнаму выхаванню» і «фармаванню ў моладзі актыўнай грамадзянскай пазіцыі».

Іншыя гістарычныя перыяды грантамі не ахопленыя. Але праўладнага патрыятызму ў іх усё яшчэ хапае. Гэтак, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту транспарту Мікалай Звездкін будзе распрацоўваць і ўкараняць вайскова-прыкладную гульні «Прарыў» сярод працоўнай моладзі Гомельскай вобласці, што ўключае правядзенне мерапрыемстваў ваенна-патрыятычнай накіраванасці.
Моладзевая аналітыка вобразаў і рэпутацыі
Кацярына Петрашкевіч з праўладнага клону незалежнага Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (БІСД) плануе ўкараняць праект «Моладзевы аналітычны рух «Будучыня Беларусі». Ён уключае стварэнне клуба аналітыкаў, правядзенне студэнцкіх даследаванняў, арганізацыю і правядзенне Другога Рэспубліканскага моладзевага конкурсу аналітычных праектаў, правядзенне другой Летняй школы маладога аналітыка. Мэта праекту – уцягванне моладзі «ў развязанне задач, значных для грамадства і дзяржавы».
Як адзначае партал Белтэлерадыёкампаніі NEWS.by, праект «Будучыня Беларусі», якое выданне памылкова называе «Беларуссю будучыні», «стварае абсалютна новы напрамак моладзевай палітыкі і лабараторыю, дзе фармуецца заўтрашні дзень Беларусі.
«Мы хочам пашырыць ужыванне нашай аналітычнай метадалогіі на моладзь усіх абсалютна рэгіёнаў, практычна ва ўсіх універсітэтах, якія ў нас ёсць. Мы будзем рабіць усё для таго, каб зʼяўляліся праекты па развіцці рэгіёну, асобнага гораду, пасёлка, універсітэту, арганізацыі, каб яны насілі лакальны характар, але былі цікавыя з пункту гледжання ўжывання гэтага досведу для ўсёй краіны», – заявіў аналітык БІСД Яўген Харук.

А чалец моладзевага аналітычнага руху Ягор Яварэц падзяліўся найважнейшымі кампетэнцыямі аналітыкаў БІСД – не зрабіць якасны аналіз, а сцісла і простымі словамі пераказаць прааналізаванае:
,,«На адну старонку выкласці праблему ў аналітычным дакуменце немагчыма, але дзве-тры старонкі – гэта ідэал, да якога трэба імкнуцца».
Першы Рэспубліканскі моладзевы конкурс аналітычных праектаў прайшоў увесну 2024 года. У ім, як заяўляецца, узялі ўдзел 132 чалавекі з 92 праектамі. Сярод працаў, якія згадвае сайт самога БІСД – «Вобраз спецыяліста, які спрыяе развіццю беларуска-кітайскіх стасункаў» і «Прафесійная рэпутацыя лекара агульнай практыкі як ключавой асобы медыка-санітарнай дапамогі ў Рэспублікі Беларусь». Сярод бонусаў конкурсу – магчымасць працы ў БІСД і ўдзел у ягонай летняй школе, а таксама далучэнне да студэнцкіх атрадаў БРСМ.
Калька «Спеўнага сходу»
Сярод праектаў, якія атрымалі гранты, ёсць і такія, што гучаць даволі знаёма. Гэтак, Вольга Рыбчынская з Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту хоча запусціць «Харавы фестываль патрыятычнай песні “Праспяваем разам”». Яго мэта – «выхаванне ў моладзі актыўнай грамадзянскай пазіцыі і пачуцця гонару за сваю краіну праз далучэнне да нацыянальнай культуры з дапамогай харавых спеваў».
Падабенства да сваіх праектаў убачыў у гэтым і Сяржук Доўгушаў – беларускі культурніцкі дзеяч, стваральнік ініцыятывы «Спеўны сход» і фундацыі «Дом творцаў». На яго думку, уладам проста не хапае сваіх ідэяў, крэатыўнасці і дзесьці нават густу. Ён мяркуе, што рэалізоўвацца праект будзе прымусова, а таму не сустрэне водгуку з боку моладзі.
,,«Гэта ідзе не ад душы. А тое, што ідзе пад прымусамі, паводле штучнай выпрацаванай схемы, заўсёды непрывабнае, часовае», – сказаў Доўгушаў у каментары «Белсату».
Суразмоўца адзначыў, што «Спеўныя сходы», якія пачаліся яшчэ ў 2013 годзе, знаходзілі прыхільнікаў у розных гарадах, бо яны «рабіліся так, як нам хацелася». На іх прыходзіла такая вялікая колькасць людзей, што ініцыятывай зацікавіліся нават у КДБ. А ўлады не дазволілі правесці буйны «Спеўны сход» у Менску, сказаўшы, што ў іх ёсць сваё «Певческое вече». Але што веча, што харавы фестываль патрыятычнай песні доўга не жывуць, сказаў суразмоўца.
,,«Гэта проста разавыя акцыі для запаўнення нейкіх дадзеных, што правялі нейкае мерапрыемства», – дадаў дзеяч.
Доўгушаў падкрэсліў: без глабальнай ідэі, «якой дыхае народ», без гісторыі і каранёў, без унутранага водгуку гэта ўсё няжыццяздольнае. На яго думку, прымусіць людзей спяваць патрыятычныя песні немагчыма, калі яны «не адбіваюцца голасам у душы».
Макар Мыш belsat.eu