У рэйтынгу ўспрымання карупцыі Беларусь на адной ступені з Босніяй і Герцагавінай, Лаосам, Манголіяй, Панамай, Філіпінамі і Сьера-Леонэ.
Няўрадавая арганізацыя «Transparency International» апублікавала чарговы рэйтынг успрымання карупцыі – і зноў з кепскімі навінамі для Беларусі.
У 2024 годзе Беларусь страціла ў рэйтынгу 4 балы, засталося 33 са 100 (больш – лепш). Цяпер Беларусь на 114-м месцы са 180 у свеце, на адным радку з Босніяй і Герцагавінай, Лаосам, Манголіяй, Панамай, Філіпінамі і Сьера-Леонэ. Гэта ўжо ніжэй за Турцыю, Тайланд, Нігер, Бразілію і Алжыр.
Беларусь нават адстала ў рэйтынгу ад Украіны: тая мае 35 балаў са 100 і дзеліць 105-е месца ў свеце з Сербіяй. А яшчэ нядаўна здавалася, што ва Украіне ўсё значна горш за Беларусь у плане карупцыі: у 2019 годзе Украіна мела толькі 30 балаў, тады як Беларусь – аж 45. У 2020-м Беларусь атрымала рэкордныя для сябе 47 балаў, Украіна – 32. Ды далей балы Беларусі пайшлі на спад, а балы Украіны працягнулі расці.
З суседзяў Беларусі Літва займае найвышэйшую пазіцыю: яна на 32-м месцы з 63 баламі. Латвія на 38-м, Польшча на 53-м, Расея на 154-м.
«Transparency International» тлумачыць, што рэйтынг для кожнай краіны збіраюць як мінімум з трох крыніц, а агулам аналізуюць 13 розных даследаванняў і апытанняў пра карупцыю, якія праводзяць у тым ліку Сусветны банк і Сусветны эканамічны форум. У рэйтынгу ўлічваюць успрыманне грамадствам хабарніцтва, размеркавання дзяржаўных сродкаў, выкарыстання чыноўнікамі іхных пасадаў для нажывы, кумаўства, дасяжнасці інфармацыі пра дзейнасць ураду, законаў супраць карупцыі і іншага. Вымяраюць менавіта ўспрыманне, бо карупцыя – з’ява незаконная, дакладная статыстыка пра яе становіцца вядомая толькі ў выпадку выкрыцця і пераследу, а выкрываюць і пераследуюць не ўсё.
На першым месцы ў сёлетнім рэйтынгу застаецца Данія з 10 баламі са 100. У топ-10 далей ідуць Фінляндыя, Сінгапур, Новая Зеландыя, Люксембург, Нарвегія, Швейцарыя, Швецыя і Нідэрланды, 10-е месца дзеляць Аўстралія, Ірландыя і Ісландыя. Паблізу Беларусі краіна, якая займае 13-е месца ў рэйтынгу: Эстонія.
Аляксандр Лукашэнка ўвесь час запэўнівае, што змагаецца з карупцыяй: як прыйшоў да ўлады на антыкарупцыйных лозунгах, так і кажа, што 30 гадоў «сядзіць на антыкарупцыйным кані». Ды за 30 гадоў ён не толькі не перамог карупцыю, але і атрымаў сабе два дзясяткі раскошных рэзідэнцыяў, якія цяпер замазваюць на мапах, і ператварыў Беларусь ва ўласны бізнес свайго клану.
Алесь Наваборскі belsat.eu