навіны

У Беларусі задумалі спрасціць атрыманне пенсіі: увесці беззаяўны прынцып

Пенсіянерка
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пенсіянерка. Фота: 1prof.by
podpis źródła zdjęcia

Ужо ў 2026 годзе для атрымання пенсіі на падставе інваліднасці некаторым беларусам не трэба будзе «збіраць паперкі». У планах – такі ж прынцып і для пенсіяў паводле ўзросту.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія рублі. Фота: Белсат
Сацыёлагі паскардзіліся на фінансавую пісьменнасць беларусаў: не ашчаджаюць перад тым, як траціць навіны

Міністарка працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка расказала дзяржаўнай газеце «Рэспубліка», што ў Беларусі збіраюцца перайсці да «праактыўнага» беззаяўнага прынцыпу прызначэння пенсіяў паводле факту надыходу жыццёвай сітуацыі: інваліднасці, смерці кармільца ці дасягнення пенсійнага ўзросту.


На першым этапе, у 2026 годзе, плануюць спрасціць атрыманне пенсіяў паводле інваліднасці для маладых людзей і сацыяльных пенсіяў людзям з інваліднасцю для выпадкаў, калі не патрабуецца збору дадатковых дакументаў, а ўся інфармацыя і так ёсць у Фондзе сацыяльнай абароны і дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў.


Ды пакуль гэта, як кажа міністарка, яшчэ немагчыма: патрэбныя дапрацоўванне інфармацыйных рэсурсаў і змены ў заканадаўстве.


Застаюцца і іншыя праблемы. Міністарка прызнала, што ўсё яшчэ маюць месца затрыманні пенсіяў, нягледзячы на ўказ Аляксандра Лукашэнкі ад 2023 года «Аб захадах у забеспячэнні своечасовай выплаты заробкаў». Міністарка кажа, патрэбны новы нарматыўны акт, праца над праектам ужо вядзецца.


Што яшчэ расказала пра пенсіі міністарка працы:

  • З 1 лютага працоўныя пенсіі падвысілі ў сярэднім на 10 %.
  • У Беларусі працуюць каля 446 тысяч асобаў пенсійнага ўзросту.
  • З новымі правіламі пенсіі выплачваюць у поўным аб’ёме людзям пенсійнага ўзросту, якія працягваюць працаваць. Гэта дазволіць прыцягнуць на рынак працы каля 10 тысяч «маладых пенсіянераў».
  • Для ветэранаў баявых дзеянняў, якія атрымалі статус інваліда ў мірны час, пенсійны ўзрост цяпер зніжаны на 5 гадоў. Такіх людзей у Беларусі больш за 2 тысячы.
  • Ветэранам баявых дзеянняў у Афганістане ўсталяваная штомесячная выплата 100 % мінімальнага памеру пенсіяў – гэта цяпер 112 рублёў.


«Кіберпартызаны» нядаўна атрымалі некалькі дакументаў за розныя гады, пачынаючы з 2020 года, у якіх чыноўнікі абгрунтоўваюць неабходнасць некалькіх рэформаў, у тым ліку падвышэння пенсійнага ўзросту жанчын да 63 гадоў (паэтапна з 2027 да 2033 года), скарачэння тэрміну выплатаў дапамогі пры доглядзе першага і другога дзіцяці з трох да двух гадоў і ўвядзення добраахвотнага назапашвання пенсіяў. Гэтых пытанняў міністарка не закранала.


Цяпер пенсійны ўзрост у Беларусі складае 58 гадоў для жанчын і 63 для мужчын. Сярэдняя пенсія ў Беларусі складае 852 рублі.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10