навіны

Хроніка рэпрэсій: знікненне журналіста і суд над маці палітвязняў

Таццяна Францкевіч і Наталля Лабацэвіч. Фота: Белсат
Таццяна Францкевіч і Наталля Лабацэвіч. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

«Белсат» працягвае збіраць хроніку рэпрэсій, якія не спыняюцца ў краіне. Нягледзячы на тое, што сістэма імкнецца не афішаваць выпадкі ціску на грамадства, інфармацыя пра іх усё адно прасочваецца вонкі.

10 лютага ў Віцебскім абласным судзе пачаўся працэс над Таццянай Францкевіч і Наталляй Лабацэвіч, якіх абвінавачваюць у садзейнічанні «экстрэмісцкай» дзейнасці. Жанчын затрымалі ў ліпені 2024 года ў Наваполацку, аднак дакладныя абвінавачанні пакуль невядомыя. Таццяна Францкевіч – маці палітвязня Аляксандра Францкевіча, асуджанага на 17 гадоў і 9 месяцаў, а Наталля Лабацэвіч – маці экс-палітвязня Іллі Лабацэвіча.

10 лютага ў Берасцейскім абласным судзе пачаўся суд над 26-гадовым Русланам Зубковым, які раней жыў у Польшчы. У снежні 2023 года яго ўнеслі ў спіс удзельнікаў экстрэмісцкага фармавання, а ў лютым 2024-га абвясцілі ў вышук. Першы раз хлопца судзілі ў чэрвені 2024 года за абразу Лукашэнкі, але вынесены прысуд невядомы. Цяпер яго абвінавачваюць у садзейнічанні «экстрэмісцкай» дзейнасці і новай абразе Лукашэнкі.

З 22 студзеня знікла сувязь з берасцейскім журналістам Алегам Супрунюком, ён не адказвае на тэлефанаванні і не з’яўляецца ў сацыяльных сетках. Спачатку меркавалі, што ён мог быць затрыманы па адміністрацыйнай справе, але ў судовых раскладах яго імя не з’явілася. Існуе верагоднасць, што ён быў затрыманы ў межах крымінальнай справы. Падобнае здарэнне адбылося з ім у 2021 годзе, калі ў яго доме правялі ператрус, а потым судзілі за распаўсюд «экстрэмісцкай інфармацыі».

Сёння ў Крычаве прайшоў суд над натарыусам Ірэнай Разанцавай паводле артыкула 19.11 КаАП за нібыта «распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі». Яна працуе ў натарыяльнай канторы Крычаўскага раёна, дзе дзейнічаюць толькі два спецыялісты. Нягледзячы на гэта, на 14 лютага ў Разанцавай запланаваны выязны прыём у аграгарадку Чырвоная Буда.

Вярхоўны суд Беларусі 7 лютага пакінуў без зменаў прысуд журналістцы Вользе Радзівонавай, якой раней прысудзілі 4 гады зняволення. Прысуд быў вынесены Менскім гарадскім судом 10 снежня 2024 года суддзёй Верай Галаўковай. Радзівонаву абвінавацілі ў паклёпе і абразе Лукашэнкі, дыскрэдытацыі Беларусі і распальванні варожасці. Журналістка працавала ў KYKY.org і супрацоўнічала з беларускімі і замежнымі медыя.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10