«Хамас» абвінаваціў Ізраіль у парушэнні ўмоваў спынення агню і заявіў, што вызваленне закладнікаў, запланаванае на 15 лютага, будзе адкладзенае.
Паводле прадстаўніка ваеннага крыла «Хамасу» Абу Убайды, Ізраіль нібыта наносіў авіяўдары па Палестыне, перашкаджаў вяртанню перамешчаных асобаў у паўночную частку Газы і не спрыяў дастаўцы гуманітарнай дапамогі, перадае «Euronews».
З пачатку шасцітыднёвага замірэння паміж Ізраілем і «Хамасам» бакі правялі пяць абменаў: на волю выйшлі 21 закладнік і больш за 730 палестынскіх зняволеных. Наступны абмен павінен быў адбыцца ў суботу, 15 лютага, але цяпер невядома, ці адбудзецца ён. «Хамас» патрабуе ад Ізраілю выканання ўсіх умоваў пагаднення.
Ізраільскія ўлады адмаўляюць абвінавачанні і называюць дзеянні «Хамасу» парушэннем дамоўленасцяў. Міністр абароны Ізраілю заявіў, што армія гатовая да любых сцэнароў і што Ізраіль не дапусціць паўтарэння падзеяў 7 кастрычніка.
Сем’і ізраільскіх закладнікаў заклікалі ўрад забяспечыць выкананне ўгоды і звярнуліся да міжнародных пасярэднікаў з просьбай неадкладна паўплываць на сітуацыю, каб дамовіцца аб вызваленні закладнікаў.
Нагадаем, апошні абмен паміж «Хамасам» і Ізраілем адбыўся 8 лютага: працаўнікам Чырвонага Крыжа перадалі трох ізраільцянаў, якіх тэрарысты «Хамасу» захапілі ў 2023 годзе. Ізраіль узамен выпусціў 183 палестынцаў.
Акрамя таго, 9 лютага ізраільскія сілы выйшлі з ключавога калідору Газы – Нэцарым, што дзеліць сектар на дзве часткі. Выхад быў часткаю абавязанняў Ізраілю ў межах пагаднення аб спыненні агню з «Хамасам».
Раман Шавель belsat.eu