навіны

У Польшчы на гарышчы дому знайшлі два асобнікі Берасцейскай Бібліі

Экзэмпляр Берасцейскай Бібліі, знойдзены ў Польшчы. Фота: Daniela Mazur/Archiwum Państwowe w Opolu
Экзэмпляр Берасцейскай Бібліі, знойдзены ў Польшчы. Фота: Daniela Mazur/Archiwum Państwowe w Opolu
podpis źródła zdjęcia

У Польшчы непадалёк гораду Аполе на гарышчы аднаго з дамоў знайшлі два асобнікі Берасцейскай Бібліі, выдадзенай у Берасці на польскай мове. 

Навукоўцы прыйшлі да высновы, што кнігі датуюцца 1563 годам. З прыкладна тысячы надрукаваных асобнікаў да нашых дзён захавалася крыху больш за 130 (большасць з іх мае дэфекты).

Гэтае выданне мае вялікае значэнне, бо было першым поўным перакладам Святога Пісання на польскую мову для пратэстантаў і друкавалася ў берасцейскай друкарні пры фінансаванні канцлера вялікага літоўскага Мікалая Радзівіла Чорнага (таму гэтае выданне часам называюць Радзівілаўскай Бібліяй).

Берасцейская Біблія была адным з першых поўных перакладаў новага часу з іўрыту і грэцкай моваў. Гэтае выданне лічыцца найбольш вялікай і багата аформленай беларускай друкаванай кнігай XVI стагоддзя.

Старадрукі былі знойдзеныя напрыканцы 2024 года каля вёскі Покуй. Уладальнікі адразу зразумелі, што перад імі каштоўныя артэфакты, і перадалі іх ваяводскаму рэстаўратару. Бібліі адвезлі ў Катавіцэ, дзе іх прадэзынфікавалі і правялі мікрабіялагічныя аналізы. Рэстаўрацыя можа заняць некалькі гадоў.

На думку прафесара Дар'юша Хэмпэрэка з люблінскага Універсітэту Марыі Складоўскай-Кюры, гэтыя кнігі трапілі ў Верхнюю Сілезію (за межы Рэчы Паспалітай) невыпадкова. Іх выкарыстоўвалі польскамоўныя пратэстанты, якія жылі ў гэтым рэгіёне. Такім чынам польская мова захоўвалася сярод простага люду.

З XVI стагоддзя мясцовыя лютэране польскага паходжання праводзілі набажэнствы на роднай мове, чыталі Берасцейскую Біблію і спявалі рэлігійныя гімны. На думку даследнікаў, знойдзеныя асобнікі належалі евангельскім святарам і перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

Побач з месцам знаходкі ў XIX стагоддзі працавала пратэстанцкая школа, дзе навучанне вялося на польскай мове. Магчыма, гэта мае дачыненне да лёсу Бібліі. Чаму кнігі былі схаваныя на гарышчы, застаецца загадкай.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10