6 лютага прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў змены ў закон, які ўзмацняе кантроль за выкананнем санкцыяў, накладзеных на Расею і Беларусь.
Адпаведны закон быў прыняты польскім парламентам 9 студзеня 2025 года. Згодна з ім былі ўнесеныя змены ў прававыя акты, датычныя супрацьдзеяння падтрыманню агрэсіі супраць Украіны, закон аб Нацыянальнай падатковай адміністрацыі і закон аб супрацьдзеянні адмыванню грошай і фінансаванні тэрарызму.
Асноўная мэта зменаў – удакладненне і ўдасканаленне механізмаў прымянення санкцыяў, вызначэнне кампетэнцый адпаведных органаў і забеспячэнне эфектыўнасці існых абмежаванняў.
Санкцыйны закон адаптуе механізмы санкцыяў, якія Еўразвяз ужывае ў адказ на расейскую агрэсію супраць Украіны і ўдзел у ёй Беларусі. Прававы акт вызначае штрафныя санкцыі за парушэнне забаронаў, прадугледжаных рэгламентамі ЕЗ, і рэгулюе кампетэнцыю органаў, адказных за кантроль і ўжыванне гэтых захадаў.
Дапаўненні таксама ахопліваюць спіс асобаў і суб'ектаў, да якіх ужываюцца санкцыі, уключаючы забарону на ўдзел у дзяржаўных тэндарах і ўезд на тэрыторыю Польшчы.
Новыя правілы прадугледжваюць абавязковую ідэнтыфікацыю канчатковага карыстальніка тавараў, экспартаваных у краіны, дзе ёсць рызыка абыходу санкцыяў, асабліва пры транзіце праз Расею або Беларусь.
Экспарцёры абавязаныя пацвердзіць, што тавар не будзе прададзены, не будзе захоўвацца або перапрацоўвацца на гэтых тэрыторыях. Калі будзе выяўленае парушэнне правілаў, падатковыя органы атрымліваюць права канфіскоўваць тавар і перадаваць яго на карысць дзяржавы.
Закон таксама ўносіць змены ў нормы пра адміністратыўныя пакаранні, кантроль фінансавых аперацыяў і магчымасці доступу дзяржаўных органаў да інфармацыі аб парушэннях.
Закон набудзе моц праз 14 дзён пасля афіцыйнага апублікавання.
Раман Шавель belsat.eu