Вайна

Ціск расейцаў і контратакі ЗСУ. Што адбываецца ва Украіне?

Вучэнні ўкраінскіх танкістаў з баявой стральбой. Танк удзельнічае ў вучэннях з баявой стральбой экіпажаў Leopard 1a5 у рамках баявой падрыхтоўкі і аднаўлення баяздольнасці 44-й асобнай механізаванай брыгады сухапутных войскаў Украіны ва Украіне, 5 лютага 2025 года. Фота: Dmytro Smolienko/Ukrinform/NurPhoto/ Getty Images
Танк удзельнічае ў вучэннях з баявой стральбой экіпажаў. Leopard 1a5 у рамках баявой падрыхтоўкі і аднаўлення баяздольнасці 44-й асобнай механізаванай брыгады сухапутных войскаў Украіны. Украіна, 5 лютага 2025 года. Фота: Dmytro Smolienko/Ukrinform/NurPhoto/ Getty Images
podpis źródła zdjęcia

«Белсат» аналізуе вынікі чарговага тыдня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра становішча на фронце станам на 10 лютага чытайце ў нашым матэрыяле.


На мінулым тыдні ўзнавіліся актыўныя баявыя дзеянні на тэрыторыі Суджанскага раёну Курскай вобласці РФ. Так, 6 лютага Збройныя сілы Украіны перайшлі ў наступ на паўднёвым захадзе ад раённага цэнтру ў кірунку сяла Уланак. Цягам содняў ім удалося зачапіцца за населеныя пункты Чаркаская Канапелька і Фанасееўка, пасля чаго ЗСУ былі спыненыя праціўнікам ў лесапасадках за 1,3 кіламетра ад сяла Уланак.

Нейкі час прарасейскія крыніцы меркавалі, што ЗСУ маюць нанесці паўторны ўдар, на што ўказвала перамяшчэнне асабовага складу і тэхнікі па тэрыторыі Сумскай вобласці Украіны, аднак гэтага не адбылося. Імаверна, цяпер украінскі бок паспрабуе нанесці ўдар у новым месцы, магчыма, і па тэрыторыі суседняй Белгародскай вобласці РФ. Такі крок будзе лагічным, паколькі афіцыйныйны Кіеў, нягледзячы на цяжкае становішча сваёй арміі на ўсходзе, па-ранейшаму лічыць баі на тэрыторыі Расеі важнымі, бо кантроль над гэтымі ўчасткамі зробіць пазіцыю Украіны на будучыш мірных перамовах больш моцнай.


,,

У гэты ж час расейскі бок паляпшае сваё становішча перад перамовамі, наступаючы на тэрыторыі Харкаўскай вобласці Украіны, на якую афіцыйна не прэтэндуе.


Тут цягам тыдня Узброеныя сілы РФ стварылі чарговы, ужо трэці плацдарм на правым беразе ракі Аскіл, прасунуўшыся каля сяла Таполі, што знаходзіцца каля дзяржаўнай мяжы РФ з Украінай.

Акрамя гэтага УС РФ імкнуліся замацавацца і каля суседняй Камянкі, аднак тут Збройным сілам удалося ўтрымаць пазіцыі.

Нагадаем, што ніжэй па фронце расейцы ужо маюць іншыя плацдармы – у ваколіцах населеных пунктаў Навамлынск і Дварычна, адкуль, імаверна, плануюць прабіцца з поўначы да раённага цэнтру гораду Купянску.

Цяжкая сітуацыя для ЗСУ захоўваецца і на самай поўначы Данецкай вобласці, дзе расейцы атакуюць плацдарм ЗСУ на левым беразе ракі Жарабец. У прыватнасці, самыя вайскоўцы ЗСУ пішуць, што расейцы фактычна атачылі зруйнаванае сяло Церны, пры гэтым невялікія сілы Збройных сілаў усё яшчэ ўтрымліваюць асобныя падвалы былых будынкаў.

У сваю чаргу прарасейскія крыніцы паведамляюць, што УС РФ, пасля поспеху ў Цернах, распачалі атакі на суседнюю Ямпалаўку і ўжо паспелі замацавацца ў частцы населенага пункту. Адначасова з гэтым расейцы наступаюць і на правабярэжжы ў ваколіцах сяла Калодзязі.

У перспектыве на гэтым участку фронту Узброеныя сілы РФ разлічваюць цалкам выбіць праціўніка з плацдарму на левабярэжжы ракі Жарабец, пасля чаго, не апасаючыся ўдараў з флангу, імаверна, паспрабуюць прабіцца з паўночнага ўсходу да гораду Ліман.

У цэнтральнай частцы Данбасу набліжаецца да свайго завяршэння бітва за тарэцкую агламерацыю. На мінулым тыдні у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што іхныя вайскоўцы цалкам занялі аднайменны горад у яго адміністрацыйных межах. 


Украінскія салдаты з «Карпацкай Сечы» з беспілотнікамі у падвале ў напрамку Тарэцка, Украіна, 7 лютага 2025 года. Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu/Getty Images
Украінскія салдаты з «Карпацкай Сечы» з беспілотнікамі у падвале ў напрамку Тарэцка, Украіна, 7 лютага 2025 года. Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu/Getty Images

Між тым праўкраінскія крыніцы сцвярджаюць, што войскі РФ упэўнена кантралююць толькі цэнтральную частку Тарэцку, у гэты ж час баі працягваюцца ў мікрараёне Забалка, а таксама на поўначы і захадзе агламерацыі.

Кантроль над Тарэцкам і ягоным ваколіцамі адкрые для расейцаў дарогу з паўднёвага ўсходу да суседняй Канстанцінаўкі. Нагадаем, адначасова з гэтым УС РФ ціснуць з усходу ад гораду.

На захадзе вобласці найбольш гарачым участкам фронту па-ранейшаму застаюцца ваколіцы Пакроўску. Тут сярод галоўнага за тыдзень варта вылучыць атакі ЗСУ ў сяле Котліна (на паўднёвым захадзе ад гораду). Імаверна, такім чынам ўкраінцы намагаюцца адкінуць праціўніка далей ад трасы Пакроўск – Паўлаград, а таксама не дапусціць абыходу самога гораду з захаду.

,,

Прарасейскія крыніцы пішуць, што неўзабаве ЗСУ могуць контратакаваць і з поўдня ад Пакроўску, пра што сведчыць перакіданне на Данбас некалькіх брыгад з-пад Кіеву і Крывогу Рогу.



Пры гэтым агулам выглядае на тое, што ЗСУ ўдалося крыху стабілізаваць сітуацыю каля гораду, акрамя гэтага ім удалося прыпыніць рух праціўніка на захад у бок суседняй Днепрапятроўскай вобласці.

На паўднёвым участку фронту ў Данецкай вобласці працягваюцца баі на выступе каля раней занятага расейцамі гораду Курахава. Цяпер свае асноўныя сілы УС РФ кідаюць на паўночны фланг, атакуючы з усходу сяло Андрэеўка. Кантроль над гэтым населеным пунктам дазволіць у далейшым расейцам пачаць рух да суседняга Канстантынопалю, што ў сваю чаргу прывядзе да перакрыцця ўсяго выступу і атачэння ўкраінцаў.

Між тым пакуль ЗСУ ўдаецца ўтрымліваць гэты важны населены пункт. Акрамя гэтага, яны самыя ўдала контратакуюць на паўднёвым фланзе ў ваколіцах Зялёнаўкі.

 

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 



больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10