Вядомая беларуская бягуха Крысціна Ціманоўская, якая выступае за зборную Польшчы, апублікавала некалькі сторыз, у якіх напісала, што ейны былы муж Арсень Зданевіч незразумелым чынам апынуўся ў Беларусі. Пры гэтым яна адкрыта заклікала сілавікоў затрымаць яго за ўдзел у пратэстах.
У інтэрв’ю «Zerkalo» Крысціна Ціманоўская заявіла, што разумее, што ейнага былога мужа могуць пасадзіць, але яна хоча «справядлівасці», бо гэты чалавек падмануў яе і іншых людзей. У прыватнасці, яна б хацела, каб Польшча анулявала выдадзены Арсеню Зданевічу пашпарт.
,,«Ён атрымаў пашпарт дзякуючы мне. Пагадзілася перайсці ў польскую зборную пры ўмове, што Польшча дасць і яму грамадзянства. У анкеце мы пазначалі, што не можам вярнуцца ў Беларусь, бо гэта небяспечна», – сказала бягуха.
Цяпер жа, заявіла яна, былы муж «уцёк з Польшчы, калі кінуў некалькіх людзей». Паводле яе, Зданевіч займаўся пастаўкамі аўтамабіляў, «браў грошы, а потым з імі схаваўся». Спачатку ён з’ехаў у Грузію, а затым у Расею і цяпер у Беларусь. Грошы вярнуў толькі аднаму чалавеку, хоць і «ёсць афіцыйны дакумент, падпісаны ім асабіста ў натарыуса, што фактычна пацвярджае факт махлярства».
Хабар за вяртанне?
Ціманоўская адзначыла, што былы муж казаў ёй, што пераехаў у Польшчу не для яе, а дзеля ўласнай бяспекі, бо так яму параілі бацькі.
,,«Польшча дала мне на нейкі час бясплатнае жытло, і ён гэта ведаў. Год ён жыў цалкам за мой кошт – я атрымлівала дапамогу ад фундацыі, якая цалкам аплачвала жытло, ежу і гэтак далей. Яму было гэта вельмі выгадна, як і ягоным бацькам. Можна зрабіць выснову, што мяне проста падманвалі доўгія гады, а я верыла, бо, на жаль, я кахала гэтага чалавека. Такім жа падманным шляхам ён і грамадзянства атрымаў. Калі ягоныя бацькі даведаліся, што сын можа атрымаць грамадзянства дзякуючы мне, то моцна насядалі, каб ён быў асцярожны і не сварыўся са мной, пакуль не атрымае пашпарта», – сказала бягуха.
На ейную думку, бацькі Зданевіча далі ў Беларусі хабар, каб іхны сын мог спакойна вярнуцца ў краіну. Ціманоўская заявіла, што прапаноўвала былому мужу вярнуць ёй грошы за маўчанне, але ён сказаў, што яна можа «ўсё распавядаць і яму пофіг», «маўляў, ён усё роўна нічога не верне».
Гаворка пра дзясяткі тысяч долараў
Ціманоўская абвясціла пра развод у лістападзе 2023 года. У шлюбе яны былі разам дзесяць гадоў. У 2021 годзе Зданевіч з’ехаў з Беларусі пасля інцыдэнту на Алімпіядзе ў Японіі, калі Ціманоўская адмовілася бегчы не сваю дыстанцыю.
«Мы шмат прайшлі разам і, здаецца, аддалі адно аднаму ўсё, што маглі. На жаль, так здарылася, што пасля пераезду мы аддаліліся адно ад аднога, і ўсе спробы наладзіць дачыненні аказаліся марныя. Я даўно саспела да расставання, але не хапала адвагі. Пэўныя жыццёвыя моманты падштурхнулі мяне да канчатковага кроку», – распавядае спартоўка.
Амаль адразу пасля разводу Ціманоўская распачала новыя дачыненні – сваё каханне яна сустрэла на адпачынку ў Грэцыі.
У 2024 годзе бягуха расказала «Трыбуне», што дала свайму былому мужу для развіцця аўтамабільнага бізнесу 33 тысячы долараў з Беларусі, але ён «проста мяне кінуў – і ўсё, я страціла грошы».
Таксама выданне высветліла, што некалькі былых кліентаў Зданевіча збіраюцца падаць на яго ў польскі суд. Рэч у тым, што беларус, які займаўся перагонам ужываных аўтаў з ЗША, прасіў грошы за паслугі фірмы, размытненне і самі машыны, а потым у адзін момант знік, выдаліўшы ўсе ліставанні ў сацыяльных сетках.
Якуб Хруст belsat.eu