Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 7 лютага прынялі ў першым чытанні законапраект «Аб змене законаў у пытаннях забеспячэння правоў дзяцей». Сярод іншага плануецца забараніць распаўсюджванне «цацак, якія паказваюць герояў камп’ютарных гульняў і фільмаў».
Міністр адукацыі Андрэй Іванец заявіў, што гэтая забарона выкліканая зваротам грамадзянаў у розныя дзяржаўныя органы:
«Яскравым прыкладам можа быць так званая цацка Хагі Ўагі, якая выяўленая з адсутнасцю вачэй, адсутнасцю іншых частак цела, то бок наўмысна знявечаная выява ці то дзіцяці, ці то лялькі, якая, безумоўна, выхоўвае і падштурхоўвае нашых дзяцей да таго, што гэта ёсць нормай. Адпаведна, гэта можа пасля правакаваць і гвалт, скажонае ўяўленне пра дабро і зло».
Паводле міністра, Камітэт дзяржаўнага кантролю выявіў яшчэ «шэраг такіх цацак, што могуць нанесці шкоду здароўю і жыццю нашых дзяцей».
Як адзначае «Zerkalo», у 2022 годзе група занепакоеных бацькоў папрасіла шэраг беларускіх міністэрстваў і ведамстваў даць ацэнку «ўплыву на псіхіку дзяцей актыўнай цацкі Хагі Ўагі» – персанажа камп’ютарнай горар-гульні «Рору Playtime». КДК у сваім адказе спаслаўся на экспертызу расейскіх спецыялістаў і адзначыў, што Хагі Ўагі «фармуе вобраз агрэсіі, жорсткасці, драпежнага і бязлітаснага зла» і можа выклікаць незваротныя наступствы ў псіхіцы дзіцяці. Ведамства тады забараніла рэалізацыю 29 партыяў прадукцыі з тэматыкай Хагі Ўагі. Змагалася з цацкаю і прарасейская актывістка Вольга Бондарава.
Якуб Хруст belsat.eu