Краіны Балтыі 9 лютага сінхранізавалі свае энергетычныя сістэмы з краінамі Еўрапейскага Звязу і пакінулі постсавецкую прастору, у якой працягвалі дзеяць апошнія дзесяцігоддзі. Перад гэтым Літва, Латвія і Эстонія ўпершыню разам выпрабавалі работу электрасістэмы ў астраўным рэжыме.
Літва, Латвія і Эстонія далучыліся да найбуйнейшай у свеце сінхранізаванай сеткі, што абслугоўвае больш як 400 млн карыстальнікаў у 26 краінах. Увечары ў нядзелю ў Вільні чакаюць гасцей, каб разам адзначыць гэтую гістарычную падзею, перадае «Delfi».
,,«Некалькі імгненняў таму я пачуў выдатную навіну. Сінхранізацыя энергасістэмаў краінаў Балтыі з сістэмаю кантынентальнай Еўропы паспяхова завершаная. Гэта гістарычны момант. З гэтага часу мы незалежныя ў плане энергетыкі. Перыяд палітычнага шантажу завяршыўся. Літва разам з Латвіяй і Эстоніяй узялі на сябе частку адказнасці за кіраванне», – паведаміў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.
Старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен назвала гэты дзень днём «свабоды ад пагрозаў, ад шантажу».
Краіны Балтыі абвясцілі незалежнасць 35 гадоў таму, аднак увесь гэты час былі залежнымі ад кіравання энергасістэмамі з Расеі. Яшчэ раней яны адмовіліся ад імпарту электрычнасці з усходу.
Падрыхтоўка да сінхранізацыі пачалася ў 2007 годзе. Праект каштаваў 1,6 млрд еўраў, з іх 1,2 млрд – грошы ЕЗ. Сінхранізацыя з Еўразвязам праходзіць праз польскае злучэнне «LitPol Link». У будучыні плануюць абсталяваць яшчэ адну магістраль з гэтай краінаю – «Harmony Link».
Напярэдадні энергетычнага перападлучэння сацсеткі пачалі поўніцца панічнымі допісамі пра тое, што ў адмове ад адзінай энергасістэмы з Беларуссю і Расеяй няма ніякай карысці, што ўлады балтыйскіх рэспублік робяць глупства, што ўсё падаражэе і варта запасацца газавымі лямпамі. У напісанні часткі такіх каментароў западозрылі крамлёўскіх ботаў. Кпіла з гэтага і беларуская прапаганда, называючы адключэнне «стрэлам у нагу», пагражаючы «ростам цэнаў», «падаражэннем камунальных паслугаў», «набліжэннем краху эканомікі». У тым ліку і таму, што Літва цяпер нават фізічна, а не толькі палітычна не можа купляць электраэнергію з Беларускай АЭС.
Якуб Хруст belsat.eu