Дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская 10 лютага наведае Брусель, дзе сустрэнецца з прэзідэнткаю Еўрапейскага парламенту Рабэртай Мэтсаляй і прэзідэнтам Еўрапейскай рады Антонью Коштам.
Як паведамілі ў прэс-службе Святланы Ціханоўскай, бакі абмяркуюць ключавыя пытанні бяспекі і палітычнай сітуацыі ў Беларусі і рэгіёне. У прыватнасці, плануецца закрануць пагрозы, звязаныя з вайсковай прысутнасцю Расеі ў Беларусі, і іх наступствы для бяспекі Еўропы. У кантэксце магчымых мірных перамоваў адносна Украіны будзе ісці размова пра захаванне незалежнасці Беларусі.
Таксама ў плане абмеркаванне каардынацыі намаганняў для ўзмацнення міжнароднага ціску на ўлады Аляксандра Лукашэнкі з мэтаю вызвалення палітвязняў, падтрыманне грамадзянскай супольнасці і незалежных медыяў, у тым ліку пошук развязанняў для забеспячэння іх стабільнага падтрымання.
Апроч таго, прапануецца абмеркаваць супольную стратэгію датычна Беларусі на 2025 год – узгадніць ключавыя прыярытэты і дзеі для падтрымання дэмакратычных зменаў.
27 студзеня Ціханоўская выступіла ў Бруселі перад міністрамі замежных справаў Еўрапейскага Звязу на запрашэнне вярхоўнай прадстаўніцы ЕЗ у замежных справах Каі Калас і пры ўдзеле еўрапейскай камісаркі ў пытаннях пашырэння ЕЗ Марты Кос. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся непрызнанне «выбараў» у Беларусі, мірныя перамовы адносна Украіны, візавыя і легалізацыйныя пытанні, а таксама падтрыманне грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сілаў Беларусі.
Якуб Хруст belsat.eu