Дэфіцыт жывой сілы застаецца праблемай для Збройных сілаў Украіны, але ўкраінскія ўлады не спяшаюцца пасылаць у бой самых маладых з прычынаў дэмаграфіі і браку зброі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю «Reuters» расказаў, што ва Украіне распрацоўваюць спецыяльны від кантракту для людзей узростам 18–24 гадоў. Зяленскі падкрэсліў, што гэта не мабілізацыя маладзёнаў, а магчымасць служыць для тых, хто захоча.
Спецыяльны кантракт, паводле Зяленскага, хочуць прапаноўваць на 1 год, даваць «шмат льготаў». Больш дэталяў прэзідэнт Украіны паабяцаў расказаць у бліжэйшыя дні.
Злучаныя Штаты раней неаднаразова настойвалі на тым, што Украіне патрэбнае пашырэнне мабілізацыі і зніжэнне мабілізацыйнага ўзросту. Зяленскі на гэта адказваў, што больш важнай праблемай для Украіны ёсць недахоп тэхнікі і боепрыпасаў. Пытаў: «Калі перад вамі стаіць чалавек без зброі, якая розніца — гэтаму чалавеку 20 гадоў ці 30?»
Супраць мабілізацыі наймаладзейшых ёсць і псіхалагічныя, і дэмаграфічныя аргументы: людзі ў 18–24 года не настолькі адказныя за сваё жыццё, ды і гэтая ўзроставая група ва Украіне нешматлікая адносна іншых праз спад нараджальнасці. Яшчэ да вайны Украіна сутыкалася з дэмаграфічным крызісам.
Зяленскі тым часам рыхтуецца да сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Доналдам Трампам. Той казаў, што сустрэча можа адбыцца ўжо на наступным тыдні. Раней Трамп заяўляў, што гатовы падвоіць санкцыі супраць Расеі, каб прымусіць яе скончыць вайну. Ад Украіны ён хацеў доступу да здабычы рэдказямельных металаў ва Украіне ў абмен на далейшую фінансавую дапамогу.
Алесь Наваборскі belsat.eu