Раней са Злучаных Штатаў высылалі адносна няшмат беларусаў. Цяпер лік можа пайсці на сотні: Доналд Трамп хоча масавых дэпартацыяў, а ў спісе на высылку больш за тры сотні беларусаў.
Іміграцыйная і мытная служба Злучаных Штатаў (ICE) дэпартавала 52 грамадзяніны Беларусі за 2019–2024 фіскальныя гады. На справаздачу (PDF) з такімі лічбамі звярнула ўвагу выданне «Zerkalo». Статыстыка наступная:
- 2019 год: з ЗША дэпартавана 18 грамадзянаў Беларусі, агулам дэпартавана 267 258 чалавек.
- 2020: 11 з 185 884.
- 2021: 4 з 59 011.
- 2022: 3 з 72 177.
- 2023: 8 з 142 580.
- 2024: 8 з 271 484.
Акрамя таго, у 2023 годзе быў дэпартаваны адзін чалавек з грамадзянствам СССР без удакладнення нацыянальнасці (не выключана, што гэта быў чалавек з БССР).
Найбольш сярод дэпартаваных – грамадзянаў Мексікі, Гватэмалы і Гандурасу. Апошнія гады колькасць дэпартаваных грамадзянаў Украіны зніжалася, дэпартаваных грамадзянаў Расеі расла.
Статыстыка на сайце ICE дае менш звестак: толькі 2021–2024 фіскальныя гады. За гэты час 96 грамадзянаў Беларусі былі арыштаваныя праз ICE за парушэнні міграцыйнага заканадаўства, з іх 17 у Сіэтле і ваколіцах, 13 у Лос-Анжэлесе і ваколіцах.
Сотні беларусаў у чарзе на дэпартацыю
Раней выданне «Беларусы і рынак» звярнула ўвагу на статыстыку ICE аб колькасці асобаў з канчатковым рашэннем аб выдаленні, але не затрыманых (PDF). На 24 лістапада такіх было 1 445 549 чалавек, з іх 323 – грамадзяне Беларусі, 337 – грамадзяне СССР і 1451 асоба з невядомым грамадзянствам.
Гэта было адказам на пытанне журналістаў аб тым, колькі людзей менавіта не зняволеныя і чакаюць высылкі. Колькі зняволеных маюць рашэнне аб выдаленні, невядома.
ICE тлумачыла, што можа выслаць замежных грамадзянаў, якія не заяўлялі аб пагрозах для іх па вяртанні ў краіну паходжання, або адносна якіх былі пацверджаныя міграцыйным суддзём «вартыя даверу высновы» аб тым, што ім няма пагрозаў на радзіме. Замежныя грамадзяне ЗША могуць прасіць прытулку або абароны, а таксама спынення высылкі.
Сярод іншага ICE тлумачыла, што некаторыя краіны не супрацоўнічаюць з ЗША ў справе дэпартацыі іх грамадзянаў. На канец 2024 года такіх было 15, у тым ліку Расея, але не Беларусь. Яшчэ 11 краінаў былі «з рызыкай адмовы ад супрацы», сярод іх Беларусі таксама няма.
Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп тым часам плануе масавыя дэпартацыі «мільёнаў і мільёнаў» чалавек.
Алесь Наваборскі belsat.eu