навіны

Прапаганда пужае блэкаўтам у Балтыі. Злуецца, бо пахаваныя мары пра экспарт энергіі з БелАЭС

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Evgeniy Alyoshin / Unsplash
podpis źródła zdjęcia

У гэтыя дні Літва, Латвія і Эстонія адлучаюцца ад агульнай з Беларуссю і Расеяй энергасістэмы на карысць адзінай еўрапейскай інфраструктуры. Такім чынам, Менск страціць нават гіпатэтычную магчымасць паставак у краіны Балтыі электраэнергіі з БелАЭС.

«Стрэл у нагу», «рост цэнаў», «падаражэнне камунальных паслугаў», «набліжэнне краху эканомікі» – беларуская прапаганда кпіць, паведамляючы, што ўлады балтыйскіх краінаў параілі грамадзянам запасціся харчамі і вадою ды зарадзіць партатыўныя прылады і акумулятары.


Ужо сёння Літва, Латвія і Эстонія адлучацца ад агульнай з Беларуссю і Расеяй энергасістэмы – БРЭЛЛ. 8 лютага балтыйскія краіны будуць энергетычна ізаляванымі ад усяго свету, спраўдзяць, як інфраструктура дасць рады ў аўтаномным рэжыме, а 9 лютага адбудзецца іх падлучэнне да адзінай еўрапейскай сістэмы.

Міністры энергетыкі краіны Латвіі. (Фота: enmin.lrv.lt)

Літва, Латвія і Эстонія выходзяць з адзінай энергасістэмы з Беларуссю і Расеяй

навіны

БРЭЛЛ (названая паводле першых літараў краінаў-удзельніц) – дзіця савецкай эпохі. Умоўнае энергетычнае кальцо дазваляла дзяржавам набываць неабходную электраэнергію і прадаваць «залішнюю», такім чынам захоўваць баланс у нацыянальных энергасістэмах.


Менавіта з увагі на агульную інфраструктуру Беларусь спадзявалася экспартаваць энергію з АЭС у Астравецкім раёне. У 2022 годзе тагачасны намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк казаў, што нашая краіна «гатовая пастаўляць электраэнергію на выгадных умовах, калі літоўскі бок у гэтым будзе зацікаўлены ў будучыні».


«Эканоміка, а не палітыка мае быць у аснове любых пастановаў, бо эканоміка – жыццё народу найперш», – сцвярджаў чыноўнік.


Літва і раней, мякка кажучы, не гарэла жаданнем купляць беларускую энергію, бо не лічыць БелАЭС бяспечнаю. Пасля запуску электрастанцыі Вільня юрыдычна адмовілася ад імпарту электрычнасці з Беларусі.

БелАЭС. Крыніца: Minenergo_by / Telegram

Краіны-удзельніцы Канвенцыі Эспа: Беларусь не выконвае свае абавязальніцтвы пры эксплуатацыі БелАЭС

навіны

І калі можна было спадзявацца, што са зменаю ўлады ў Беларусі і паляпшэннем стасункаў паміж дзяржавамі палітыкі ўсё ж дамовіліся б наконт паставак энергіі, то цяпер такія надзеі руйнуюцца: Літва плануе дэмантаваць інфраструктуру, што звязвае яе з нашай краінаю.


Тэарэтычна дзяржавы могуць узнавіць «энергетычную сувязь», аднак для гіпатэтычнай інтэграцыі беларускай і літоўскай (а фактычна – адзінай еўрапейскай) сістэмаў спатрэбіцца адмысловае абсталяванне, і, як мяркуюць эксперты, такія буйныя інвестыцыі не дадуць эканамічнага эфекту.


Украіна, дарэчы, яшчэ ў 2022 годзе далучылася да адзінай еўрапейскай энергасістэмы, хаця да вайны багата электрычнасці купляла ў Беларусі. У сакавіку таго ж года тагачасны кіраўнік «Укрэнерга» Уладзімір Кудрыцкі заявіў, што Беларусь і Расея «страцілі ўкраінскі рынак электраэнергіі назаўжды».


Выходзіць, што цяпер электраэнергію, якую вырабляюць у Беларусі, можна спажываць толькі ўнутры краіны, бо ў Расеі сваёй стае.


Вось беларуская прапаганда і злуецца.


Краіны Балтыі будуць атрымліваць энергію некалькімі шляхамі: падводнымі кабелямі (іх два) з Фінляндыі ў Эстонію, яшчэ адным кабелем, пракладзеным праз Балтыйскае мора з Швецыі ў Літву, а таксама наземным кабелем з Польшчы ў Літву (да 2030 года гэтыя краіны злучыць другі сухаземны кабель).


Пасля разбурэння БРЭЛЛ у аўтаномным рэжыме пачне функцыянаваць энергасістэма Калінінградскай вобласці. Расейскія ўлады запэўніваюць, што загадзя да гэтага падрыхтаваліся.


Віцэ-прэм'ер Беларусі Віктар Каранкевіч таксама казаў, што на нашую рэспубліку выхад балтыйскіх краінаў з БРЭЛЛ ніяк не паўплывае:


«Былі праведзеныя адпаведныя работы і на лініях электраперадачы, і на падстанцыях. Мы гатовыя да гэтага. Беларуская энергасістэма будзе забяспечваць стабільную, надзейную працу ў сінхранізацыі і ў паралельнай працы з расейскай энергасістэмаю».


Праект далучэння балтыйскіх рэспублік да еўрапейскай сістэмы рэалізоўваўся больш за 15 гадоў, амаль усе выдаткі прафінансаваў ЕЗ. Улады запэўніваюць, што тарыфы на святло вырастуць у межах 5 %. Пра гэта, напрыклад, казаў парламенцкі сакратар міністэрства клімату і энергетыкі Латвіі Яніс Ірбэ:


«Цяжка прагназаваць, але ў сярэднетэрміновай перспектыве мы прадугледжваем павышэнне не больш за 5 %. Натуральна, можа быць кароткачасовы скачок цэнаў, бо рынак можа адрэагаваць на такі буйны працэс. Аднак мы чакаем, што потым ён стабілізуецца і цэны вернуцца на ранейшы ўзровень».


Улады Літвы, Латвіі і Эстоніі таксама падкрэсліваюць, што рыхтаваліся да энергетычнай «рэвалюцыі» доўга, а таму цяпер гатовыя, і працэс мае адбыцца гладка. Нейкія перабоі, натуральна, могуць здарыцца, аднак гэта будзе месцамі і кароткачасова. Галоўнае, каб не было дыверсіяў.


Парада зарадзіць электронныя прылады ці трымаць пад рукою партатыўны акумулятар не азначае блэкаўту – гэта толькі імавернасць, такая ж, як і ў непагадзь, калі святло знікае падчас моцнага ветру і падзення дрэваў на правады.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: rawpixel.com / Freepik
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: rawpixel.com / Freepik

«Мы пазбавім Расею магчымасці выкарыстоўваць электраэнергетыку ў якасці інструменту геапалітычнага шантажу. Гэта апошні крок у нашым змаганні за энергетычную незалежнасць. Мы нарэшце здольныя ўзяць сітуацыю ў свае рукі», – казаў надоечы міністр энергетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас.


Краінам Балтыі было, так бы мовіць, некамфортна, што пастаўка часткі электрычнасці ў іхныя краіны залежала ад Расеі, бо стабільнасць гэтых паставак была пад пагрозаю.


Напярэдадні энергетычнага перападлучэння сацсеткі пачалі поўніцца панічнымі допісамі пра тое, што ў адмове ад БРЭЛЛ няма ніякай карысці, што ўлады балтыйскіх рэспублік робяць глупства, што ўсё падаражэе і варта запасацца газавымі лямпамі. У напісанні часткі такіх каментароў западозрылі крамлёўскіх ботаў.


«Крэмль намагаецца ўмешвацца ў дыскусіі, выдаючы сваіх агентаў за грамадзянаў Літвы. Частка такіх акаўнтаў дакладна не належыць літоўцам. Гэта яшчэ адна аперацыя Крамля ў інфармацыйнай прасторы», – адзначае прадстаўнік цэнтру аналізу дэзынфармацыі «Debunk.org» Віктарас Даўкшас.


Такія допісы ад імя фэйкавых «заклапочаных грамадзянаў» прапаганда потым падае як масавае народнае абурэнне.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10