Міністр абароны Віктар Хрэнін прапанаваў урэзаць сілавікам ільготы на арэнднае жытло. Пра гэта паведамляе «BELPOL».
Сілавікі атрымалі льготы ў прыватызацыі арэнднага жытла паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі № 37 «Аб арэндным жытле для вайскоўцаў» ад 13 лютага 2023 года. Згодна з указам, тыя з сілавікоў, хто стаіць на ўліку асобаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, і мае 20 гадоў выслугі, атрымалі права прыватызацыі арэнднага жытла ў растэрміноўку на 15 гадоў без індэксацыі, гэта значыць без змены першапачатковых плацяжоў.
Тым, хто меў выслугу 25 гадоў і больш, арэнднае жытло перадавалася ва ўласнасць бясплатна.
«Пры гэтым асобы, якія цалкам аплацілі кошт арэндных жылых памяшканняў або атрымалі іх бязвыплатна, маглі прадаць гэтыя аб'екты нерухомасці без якіх-небудзь абмежаванняў», – адзначае «BELPOL».
Аднак згодна з дакументамі, якія атрымаў «BELPOL», пасля выбараў у Беларусі гэтыя льготы плануецца «ўпарадкаваць».
«Прыватызаванае "абаронцамі" рэжыму арэнднае жытло, размешчанае ў Менску і Менскім раёне, дазволяць адчужаць (прадаць, абмяняць, падарыць) толькі па заканчэнні 10 гадоў пасля поўнага пагашэння яго кошту або бясплатнага атрымання. Для іншых населеных пунктаў перыяд забароны на адчужэнне такога жытла складзе пяць гадоў.
,,Ініцыятарам гэтых новаўвядзенняў выступіў асабіста так званы міністр абароны Віктар Хрэнін. Матывацыя – не даць магчымасці неабгрунтавана ўзбагачацца "калегам"», – піша «BELPOL».
Змены будуць распаўсюджаныя на МУС, КДБ, СБП, ААЦ, ДПК, СК, ДФР КДК, МНС, ДКСЭ і інш.
«"BELPOL" чарговы раз папярэджвае тых, хто мае намер "надзець пагоны" ці ўжо іх мае: не верце рэжыму. Спачатку вас замацуюць на "службе", прымусіўшы здзяйсняць злачынствы і абмежаваўшы ў элементарных правах на 20–25 гадоў, а потым на такі ж тэрмін "прымацуюць" да льготнага жылля. Такім чынам, вы ўсё жыццё будзеце "прыгоннымі"», – заключае «BELPOL».
Арсен Рудэнка belsat.eu