Новы стары прэзідэнт ЗША Доналд Трамп, які высяляе мігрантаў і ўводзіць высокія мытныя тарыфы для суседніх краінаў, выступіў з планам акультурвання палестынскага сектару Газа. Аднак самі палестынцы гэтага не ўбачаць – іх прапануецца масава выселіць. Не ў захапленні ад гэтай ідэі і краіны, куды плануецца пасяліць палестынцаў. А некаторыя і наагул бачаць у гэтым этнічныя чысткі.
Жаданне прыкласці руку да аднаўлення сектару Газа прэзідэнт ЗША агучыў у дзень сваёй інаўгурацыі, 20 студзеня, пахваліўшы рэгіён за «фенаменальнае размяшчэнне на моры» і «найлепшае надвор'е». У 2024 годзе ягоны зяць Джэрэд Кушнэр назваў прыбярэжную нерухомасць у Газе «вельмі каштоўнай», прапанаваўшы Ізраілю выселіць палестынцаў. Але за пагрозамі Грэнландыі, Канадзе, Мексіцы і Панаме гэтага не вельмі і заўважылі.
Доналд Трамп жа не спыняўся. 25 студзеня ён распавёў, што папрасіў караля Іярданіі Абдулу II, партнёра ЗША ў рэгіёне, узяць «больш» палестынцаў, у дадатак да 2,4 млн зарэгістраваных ААН палестынскіх уцекачоў у краіне. Аналагічная прапанова ў яго была і да суседняга з сектарам Газа Егіпту.
,,«Цяпер гэта літаральна месца зносу. Амаль усё знесена, і там паміраюць людзі, таму я хацеў бы ўступіць у стасункі з некаторымі арабскімі краінамі і пабудаваць жытло ў іншым месцы, дзе, як я думаю, яны маглі б жыць у міры, для разнастайнасці», – сказаў прэзідэнт ЗША, які прыйшоў у палітыку з будаўнічай галіны, удакладніўшы, што жытло «можа быць часовым» або «доўгатэрміновым».
У МЗС Егіпту прапановы не ацанілі і выступілі супраць «перамяшчэння палестынцаў з іхных зямель шляхам прымусовага высялення», бо «такія дзеянні пагражаюць стабільнасці, рызыкуюць яшчэ больш пашырыць канфлікт у рэгіёне і падрываюць магчымасці для міру і суіснавання». У іярданскім жа ведамстве назвалі адмову ад перамяшчэння палестынцаў сваёй «цвёрдай пазіцыяй, якая не зменіцца». Абедзве краіны выступілі за стварэнне палестынскай дзяржавы побач з ізраільскай.

Негатыўная рэакцыя краінаў-суседзяў не спыніла Трампа. Падчас візіту 4 лютага ў Вашынгтон прэмʼер-міністра Ізраілю Бэньяміна Нэтаньягу кіраўнік Белага дому заявіў, што ЗША павінны ўзяць кантроль над сектарам Газа, а амаль 2 млн яго насельніцтва рассяліць у Егіпет і Іярданію. На думку Трампа, рэгіён неабходна адправіць пад знос, адбудаваць нанова і ператварыць тэрыторыю ў «блізкаўсходнюю Рывіеру» з «неабмежаванай колькасцю працоўных месцаў і жытла».
Гэтая ідэя Трампа выклікала рэзкую рэакцыю ў Палестыне. Прадстаўнік «Хамасу» Самі Абу Зугры назваў яе «абуральнай спробай ліквідаваць палестынскую справу», якая толькі «запаліць» рэгіён. Паводле яго, «неабходна пакласці канец [ізраільскай] акупацыі і агрэсіі супраць нашага народу, а не выганяць іх з іхных зямель».
,,«Палестынцы не адмовяцца ад сваіх земляў, правоў, святых месцаў і таго, што сектар Газа ёсць неад'емнай часткай Дзяржавы Палестына, а таксама Заходні бераг і Усходні Іерусалім», – адзначыў кіраўнік Палестынскай аўтаноміі Махмуд Абас, які канкуруе з «Хамасам».
Ідэю Трампа адпрэчылі і лідары МЗС Егіпту, Іярданіі, ААЭ, Саудаўскай Аравіі і Катару. Непрыманне плану прэзідэнта ЗША абʼяднала таксама Турэччыну і Іран, якія варагуюць паміж сабой. За стварэнне палестынскай дзяржавы выступілі Расея і Кітай, а таксама такія заходнія краіны, як Вялікая Брытанія, Францыя, Іспанія ды Ірландыя.
ЗША возьмуць кантроль над Газай?
Кіраўнік Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Маркаў Руб’ёў паспрабаваў змякчыць негатыў, заявіўшы, што гэта не варожы, а «шчодры» крок, які дэманструе «гатовасць ЗША ўзяць на сябе адказнасць за аднаўленне гэтага раёну». Паводле яго, ідэя Трампа заключаецца ў тым, каб жыхары Газы пакінулі тэрыторыю на нейкі прамежкавы перыяд, пакуль будуць расчышчацца завалы і праводзіцца аднаўленчыя работы.
Аднак сам Трамп сваімі каментарамі ў сваёй сацсетцы Truth Social толькі пагоршыў сітуацыю. Да ўсяго іншага ён заявіў, што «Ізраіль перадасць сектар Газа ЗША пасля заканчэння баявых дзеянняў», а палестынцаў «да таго моманту ўжо паселяць у нашмат больш бяспечных і прыгожых месцах». Дзе з'явяцца такія дамы, Трамп не ўдакладніў.

«ЗША ў супрацы з выдатнымі дэвэлаперскімі камандамі з усяго свету павольна і асцярожна пачнуць будаваць тое, што зробіцца адным з самых лепшых і ўражлівых праектаў такога кшталту на Зямлі», – напісаў Трамп.
Ён заявіў, што «амерыканскія жаўнеры для гэтага не спатрэбяцца», хоць раней не выключаў іх выкарыстання, што супярэчыла ягоным жа перадвыбарным абяцанням.
Што з сябе ўяўляе сектар Газа
Сектар Газа – гэта невялікі ўчастак на беразе Міжземнага мора, на мяжы з Ізраілем і Егіптам, паводле плошчы і насельніцтва параўнальны з Менскам. У 1948 годзе ён мусіў зрабіцца часткай арабскай Палестынскай дзяржавы, створанай разам з габрэйскім Ізраілем на тэрыторыях, падкантрольных Лондану. Але арабскія краіны такога падзелу не прызналі, і да 1967 года сектар Газа быў акупаваны Егіптам. Потым кантроль над ім перайшоў Ізраілю, які ў 2005 годзе вывеў свае войскі і пасяленцаў з Газы, захаваўшы пры гэтым кантроль над мяжой, паветранай прасторай і берагавой лініяй.
У 2007 годзе ўладу ў сектары пасля разгрому арганізацыі «Фатх» захапіла тэрарыстычная арганізацыя «Хамас». Другую частку Палестыны – Заходні бераг ракі Іярдан – дагэтуль кантралюе арганізацыя «Фатх», якая лічыць сябе адзіным правамоцным прадстаўніком палестынцаў.
7 кастрычніка 2023 года баевікі «Хамасу» з сектару Газа напалі на Ізраіль, забіўшы каля 1200 асобаў і захапіўшы больш як 250 закладнікаў. Гэта спрычынілася да маштабнай вайны, што закранула шэраг краінаў Блізкага Усходу. У самым сектары, паводле падкантрольнага «Хамасу» Міністэрства здароўя Газы, ахвярамі вайны сталіся больш як 47 540 асобаў. Паводле ААН, ізраільскія авіяўдары пашкодзілі або разбурылі каля 60 % будынкаў, у тым ліку школы і больніцы, і каля 92 % дамоў, прыкладна 90 % жыхароў Газы былі перамешчаныя. Значная частка сектару Газа цяпер пад кантролем ізраільскіх вайскоўцаў.
У студзені 2025 года Ізраіль і «Хамас» дамовіліся пра спыненне агню. У выніку выканання ўсіх этапаў пагаднення ізраільскія войскі павінны пакінуць большасць раёнаў Газы.

Навошта гэта Трампу
У рэгіёне даўно існуюць асцярогі, што Ізраіль хоча выцесніць палестынцаў з сектару Газа ў суседнія краіны, да чаго заклікаюць у тым ліку і ультраправыя фракцыі кіроўнай ізраільскай кааліцыі. Але да апошняга часу такія ідэі не знаходзілі водгуку ў кіраўніцтве ЗША. Крыс Дойл, дырэктар лонданскай Рады арабска-брытанскага паразумення, бачыць небяспеку заяваў Трампа ў тым, што яны развязваюць Ізраілю рукі адносна палестынскіх тэрыторыяў: «нішто не стаіць на яго шляху».
«Гісторыя мала што значыць для Доналда Трампа, калі ён гаворыць пра сектар Газа. Траўмы мінулага, шэраг войнаў, прыхільнасць да месца, доўгі цень продкаў, правы жывых: усё гэта, здаецца, пахавана пад абломкамі. Бо дэвэлапер, які зрабіўся палітыкам, бачыць на палестынскай тэрыторыі толькі руіны. «Пляцоўку зносу», якую трэба вызваліць ад насельніцтва з гуманітарных меркаванняў», – піша французская «Le Monde».
Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што такія прапановы – частка перамоўнай гульні Трампа ў чаканні контрпрапановаў іншага боку. У прыватнасці, гучыць думка, што прэзідэнт ЗША тым самым спрабуе дабіцца пашырэння Пагадненняў Абрагама аб нармалізацыі стасункаў паміж Ізраілем і арабскімі краінамі. Аднак, як лічыць Фірас Максад, дырэктар аддзелу стратэгічных сувязяў вашынгтонскага Інстытуту вывучэння Блізкага Усходу, такая тактыка толькі аддаляе Трампа ад гэтага:
,,«Саудаўская Аравія абсалютна бескампрамісная ў гэтым пытанні – ніякае гвалтоўнае перамяшчэнне жыхароў Газы немагчымае».
Больш за тое, эксперт у пытаннях бяспекі на Блізкім Усходзе з брытанскага аналітычнага цэнтру RUSI Г. А. Гэльер мяркуе, што тым самым будучыня і так крохкага замірэння ў сектары Газа робіцца «яшчэ больш сумнеўнай», піша Бі-Бі-Сі. А Г'ю Ловат, старэйшы навуковы працаўнік праграмы Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі Еўрапейскай рады міжнародных стасункаў, і наогул баіцца, што такія заявы могуць яшчэ больш узмацніць успрыманне «Хамасу» «як адзінага палестынскага гульца, здольнага супрацьстаяць амерыканскім планам этнічнай чысткі палестынскага народу». У тым ліку на Заходнім беразе, «дзе палестынцы адчуваюць сябе наступнымі ў чарзе».

У дакладзе Арганізацыі гандлю і развіцця ААН, апублікаваным у 2019 годзе, мяркуецца, што чысты кошт запасаў прыроднага газу на Заходнім беразе і ў сектары Газа можа дасягаць 453 млрд долараў (у цэнах 2017 года), нафты – 71 млрд. Экспертка ў энергетычнай палітыцы Лоры Гайтаян распавяла Бі-Бі-Сі, што запасы нафты і газу могуць «быць адным з фактараў», якія ўлічваў Трамп, але гэта наўрад ці ёсць адзінай прычынай. Эканамічны эксперт з сектару Газа Махэр Табаа таксама мяркуе, што «ў Газе больш увагі надаецца палітыцы». У сваю чаргу былы пасланнік ЗША ў Ізраілі Дэніс Рос сказаў выданню, што Трамп разглядае крызіс у Газе як «праблему будаўніцтва нерухомасці» і проста разлічвае ператварыць бедны раён у багаты.
Егіпет з Іярданіяй баяцца, ізраільскія палітыкі вітаюць
Аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ілія Куса ў сваім тэлеграм-канале «Пески Аравии» тлумачыць нежаданне Каіру і Аману прымаць палестынцаў тым, што гэтыя краіны баяцца «занадта вялікай колькасці палестынцаў, не надта прыязна настроеных да ўладаў». Тым больш, што наплыў мільёнаў палестынцаў можа прывесці «да фармавання патэнцыйнага агменю ісламскага радыкалізму і тэрарызму». Ды і мясцовае насельніцтва можа абвінаваціць улады сваіх краінаў у змове з Ізраілем.
,,«І не, адныя толькі грошы ад ЗША не развяжуць гэтых пытанняў і не пераадолеюць гэтых страхаў», – піша Куса.
А вось ізраільскі прэм'ер пахваліў Трампа, сказаўшы, што ідэя заслугоўвае ўвагі і «можа змяніць гісторыю». Пры гэтым міністр фінансаў Ізраілю Бэцалель Смотрыч, які выступае за аднаўленне габрэйскіх паселішчаў у сектары Газа, назваў «выдатным» план «знайсці іншыя месцы для пачатку новага, лепшага жыцця» для жыхароў сектару. А міністр абароны краіны Ісраэль Кац заявіў, што жыхарам Газы «павінна быць дадзеная свабода выезду і іміграцыі», і даручыў Арміі абароны Ізраілю падрыхтаваць адпаведныя планы. Паводле яго, калі Іспанія, Ірландыя, Нарвегія і іншыя краіны, якія ў траўні 2024 года прызналі існаванне палестынскай дзяржавы і выставілі, паводле Каца, «ілжывыя абвінавачанні» ў дачыненні Ізраілю, адмовяцца прымаць палестынцаў, «іх крывадушнасць будзе выкрытая».
,,«У сектару Газа ў яго папярэднім выглядзе не было ніякай будучыні. Неабходна знайсці іншае развязанне, і гэта тое, што робіць прэзідэнт ЗША», – сказаў кіраўнік МЗС Ізраілю Гідэон Саар.
Падтрымаў ідэю Трампа і шэраг іншых палітыкаў, у тым ліку лідары ізраільскіх партыяў, а вось кіраўнік партыі «Дэмакраты» і былы намеснік начальнік Генштабу Ізраілю Яір Галян назваў ягоныя прапановы «дурасцю»: «Мы не здолеем выбрацца з гэтага балота пры дапамозе трукаў. Хто сур'ёзна можа думаць, што палестынцы эмігруюць?»
Арабістка, аўтарка тэлеграм-каналу «Фалафельная» Марʼяна Беленькая ў эфіры «Вось Так» адзначыла, што ініцыятыва Трампа можа падабацца пэўнай частцы ізраільскага грамадства, але яна абстрактная і вар'яцкая. Паводле Мар'яны, большасць палестынцаў не жадае з'язджаць са сваіх земляў, ды і суседнія краіны не гатовыя прыняць іх у сябе, бо могуць абрынуцца «пад тымі працэсамі, якія там адбываюцца».
«Будзе яшчэ адно месца хаосу на Блізкім Усходзе, у якім мала хто зацікаўлены», – мяркуе экспертка.

Трамп шукае ахвочых
Выданне «Al-Araby Al-Jadeed» адзначае, што высокапастаўлены чыноўнік Адміністрацыі прэзідэнта ЗША 29 студзеня наведаў Каір з мэтай абмеркаваць план перасялення жыхароў сектару Газа ў Егіпет і Іярданію. У прыватнасці, ЗША прапанавалі Каіру дапамогу ў развязанні воднага крызісу, звязанага са спрэчкай з Эфіопіяй наконт дамбы на рацэ Ніл. Аднак егіпецкія чыноўнікі заявілі, што адкрытыя для разгляду любых альтэрнатываў, якія гарантуюць бяспеку Ізраілю, акрамя перамяшчэння палестынцаў з іхных земляў.
Ізраільскі тэлеканал «N12» піша, што Адміністрацыя Трампа разглядае для перасялення яшчэ тры тэрыторыі ў Афрыцы: непрызнаныя Самалілэнд і Пунтлэнд у Самалі, а таксама Марока. Паводле выдання, агульны фактар для гэтых рэгіёнаў – «вострая патрэба ў падтрыманні з боку ЗША». Гэтак, Самалілэнд і Пунтлэнд імкнуцца да міжнароднага прызнання, а Марока працягвае тэрытарыяльную спрэчку ў Заходняй Сахары. Да таго ж гэтыя тэрыторыі эканамічна залежаць ад ЗША і маглі б атрымаць фінансавую дапамогу. Зрэшты, пакуль няма афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі, а кароль Іярданіі і прэзідэнт Егіпту ўжо накіроўваюцца ў ЗША.
Паводле «Middle East Eye», Трамп таксама пачаў ціснуць на Саудаўскую Аравію, Катар і ААЭ, каб яны ўклалі грошы ў перасяленне палестынцаў і аднаўленне Газы. ЗША і краіны Персідскай затокі цесна звязаныя вайсковымі і эканамічнымі інтарэсамі, і Белы дом хоча выкарыстаць гэта, каб прымусіць саюзнікаў укласціся ў «новы сектар Газа». У абмен на фінансаванне перасялення палестынцаў краінам Персідскай затокі могуць прапанаваць выгадныя кантракты на забудову ўзбярэжжа Газы.
,,«Мэсідж ясны: «Вы больш не атрымаеце ад ЗША ўсяго, што хочаце, проста так», – цытуе выданне крыніцы ў Адміністрацыі Трампа.
Як адзначыў у каментары «Белсату» Ігар Сэмывалос, дырэктар украінскага Цэнтру блізкаўсходніх даследаванняў, ідэя Трампа выселіць палестынцаў інтэрпрэтуецца ў міжнародным праве як этнічная чыстка.
«Таму ніхто з палітыкаў Блізкага Усходу, калі яны хочуць застацца ва ўладзе або прынамсі працягваць карыстацца якім-небудзь даверам, не можа падтрымаць гэтай варʼяцкай ідэі», – сказаў ён.
Макар Мыш belsat.eu