Ля разбітага карыта. Як Пуцін спрабуе выратаваць «АўтаВАЗ»

Чыноўнікі не слухаюцца Пуціна. Ужо 16 гадоў ён упарта спрабуе перасадзіць іх на айчынныя аўтамабілі. Але, як сам прызнаецца, з гэтым – пакуль складана.

Якім аўто аддаюць перавагу чыноўнікі і ў цэлым расейцы? Яшчэ ў далёкім 2008-ым ён заяўляў, што ў будучыні ні адзін рубель з казны не павінен ісці на куплю імпартных аўтамабіляў. Але пакуль «АўтаВАЗ» патанае ў мільярдных пазыках, указанне Пуціна па-ранейшаму не выкананае. Праўда, адразу ж пасля наведвання кіраўніком Крамля «АўтаВАЗа» сваю гатоўнасць перасесці на айчынны аўтамабіль выказаў кіраўнік Мінпрамгандлю Аліханаў, заявіўшы наступнае:

,,

«Мы згодныя. Мы ўжо. Мы непатрабавальныя».


Дарэчы, па-за працай Аліханаў аддае перавагу Volkswagen Tiguan – гэта вынікае з ягонай дэкларацыі за 2022 год. Да прыкладу, у сям'і старшыні ўрада РФ Міхаіла Мішусціна значыўся Ford Kuga. Міністр транспарту Старавойт, зыходзячы з яго дэкларацыі 2021 года, ездзіў на Chrysler.

Паводле сайту declarator.org на ўсходзе краіны чыноўнікі аддаюць перавагу аўтамабілям Toyota. Іх жа выбіраюць часцей за ўсё і чачэнскія чыноўнікі. У Ленінградскай вобласці ездзяць на аўто карэйскай маркі KIA. У Санкт-Пецярбургу і ў Калінінградскай вобласці на першае месца выйшаў Volkswagen. І толькі на захадзе Расеі чыноўнікі аддалі перавагу айчыннай прадукцыі «АўтаВАЗа». А вось у кіраўніка Дзярждумы Валодзіна, згодна яго дэкларацыі, наогул не было машыны. У 2023-ым годзе ён заяўляў, што дэпутаты будуць перасаджвацца на айчынныя аўто з цягам выбыцця іншамарак.

Што тычыцца звычайных расейцаў, то апытанне «Авіта Аўто» паказала, што траціна з іх гатовыя перасесці на кітайскія аўтамабілі. За няпоўны мінулы год у Расеі было прададзена 848 тысяч машын з Кітаю – іх доля на рынку дасягнула амаль шасцідзесяці адсоткаў. Перасаджваць усю краіну на айчынны аўтапрам Пуцін, відаць, пакуль не збіраецца.



Таксама ў новым выданні «Лукавых навін»:

  • Гастролі Пуціна па заводах
  • Дзяцей-сірот адправяць на небяспечныя для жыцця пляжы Анапы


belsat.eu