навіны

Сышоў з пасады амбасадар Украіны ў асаблівых даручэннях у справе Беларусі Ігар Кізім

img
Ігар Кізім. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Ігар Кізім, які займаў пасаду амбасадара Украіны ў асаблівых даручэннях у справе Беларусі, пастанавіў звольніцца з дыпламатычнай службы. Гэта адбылося «выключна з асабістых прычынаў», паведаміў Кізім у допісе ў Facebook.

Ігар Кізім піша, што настаў час пайсці на «заслужаны адпачынак».

«У кожнага чалавека надыходзіць час, калі ты разумееш, што ўзрост бярэ сваё і ты не можаш стоадсоткава аддавацца сваёй працы. А працаваць па-іншаму я не магу дый у цяперашніх умовах лічу несумленным у адносінах да службы, якой я прысвяціў амаль усё сваё жыццё. Відавочна, што я не маю намеру ўсё кінуць і далучыцца да “канапавых пенсіянераў”, і лічу, што магу прынесці карысць у тых сферах, дзе будзе карысны мой досвед і кампетэнцыі», – напісаў былы дыпламат.

Кізім падзякаваў сям’і, калегам і сябрам, якія падтрымлівалі яго, незалежна ад часоў.

«Дзякуй усім. Слава Украіне! Жыве Беларусь!» – напісаў Ігар Кізім.

Ігар Кізім заняў пасаду амбасадара Украіны ў асаблівых даручэннях у справе Беларусі ў пачатку лютага 2024 года.

Ён жа быў апошнім амбасадарам Украіны ў Беларусі, дзе працаваў з 2017 года да 22 чэрвеня 2023 года. Кізім да апошняга заставаўся ў Менску. Быў вызвалены ад абавязкаў указам прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком так званай ДНР Дзянісам Пушыліным.

Пасля Ігара Кізіма Украіна не прызначыла ў Беларусі новага амбасадара.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10